Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэсе ЗША прызначылі дату першага публічнага слуханьня адносна расейскага ўплыву на выбары


Дырэктар ФБР Джэймс Комі сьведчыць на першых публічных слуханьнях адносна верагоднага расейскага ўплыву на выбары
Дырэктар ФБР Джэймс Комі сьведчыць на першых публічных слуханьнях адносна верагоднага расейскага ўплыву на выбары

Камітэт па выведцы Палаты прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу прызначыў на 20 сакавіка першае публічнае слуханьне ў расьсьледаваньні магчымага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году.

Старшыня камітэту Дэйв Нуньес заявіў 7 сакавіка, што плянуе правесьці сэрыю грамадзкіх слуханьняў, і заклікаў сьведчыць у першым слуханьні дырэктара ФБР Джэймса Комі і дырэктара Агенцтва нацыянальнай бясьпекі адмірала Майка Роджэрса.

Нуньес дадаў, што сярод запрошаных на пасяджэньне камітэту па выведцы таксама былы дырэктар нацыянальнай выведкі Джэймс Клэпэр, былы дырэктар Цэнтральнага выведнага ўпраўленьня Джон Брэнан і Салі Йетс, якая раней выконвала абавязкі міністра юстыцыі.

У студзені спэцслужбы ЗША апублікавалі справаздачу, што, паводле іх ацэнак, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін загадаў ажыцьцявіць «кампанію ўплыву» з мэтай падарваць давер да выбарчай сыстэмы ЗША і дыскрэдытаваць суперніцу Дональда Трампа Гілары Клінтан. Цяпер, паводле паведамленьняў прэсы, Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША расьсьледуе кантакты і дзелавыя сувязі шэрагу тагачасных і цяперашніх памочнікаў Трампа з расейскімі чыноўнікамі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прадстаўнікі Крамля называюць скандалы вакол кантактаў прадстаўнікоў цяперашняй амэрыканскай ўлады «паляваньнем на вядзьмарак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG