Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўг беларускіх кампаній за пастаўлены Расеяй газ дасягнуў амаль 600 мільёнаў даляраў, заявіў расейскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч.

«Лічым, што гэтыя грошы павінны быць у поўным аб’ёме выплачаныя», — сказаў Дварковіч у інтэрвію тэлеканалу РБК ў кулюарах Расейскага інвэстыцыйнага форуму ў Сочы.

Як паведамляе агенцтва «Новости», расейскі віцэ-прэм’ер заявіў, што перамовы з беларускім бокам ідуць складана. «У нас рознае разуменьне і літары, і духу наяўнага пагадненьня, розная інтэрпрэтацыя. Мы спрабуем знайсьці ўзаемапрымальнае рашэньне».

«У пагадненьні ЭўрАзЭС ёсьць норма аб паступовым пераходзе і стварэньні да 2025 годуа адзінага рынку газу. Гэтая задача ня можа быць вырашана ў адну ноч, 31 сьнежня 2024 году. Трэба да гэтага рухацца паступова», — дадаў Дварковіч.

Паводле яго, «беларускія калегі хочуць больш хуткага руху, чым мы лічым разумным. Але ў любым выпадку, папярэдняй умовай любых дамоўленасьцяў павінна быць выплата назапашанай запазычанасьці», — сказаў расейскі віцэ-прэм’ер.

«Нафтагазавыя войны» між Беларусьсю і Расеяй ідуць ад сярэдзіны 2016 году, калі Расея запатрабавала ад Беларусі больш як 200 млн даляраў запазычанасьці за газ. Улады Беларусі заявілі аб несправядлівасці цэны на газ і​ не прызнаўшы запазычанасьці, вырашылі падвысіць тарыфы на транзыт расейскай нафты. У выніку Расея скараціла пастаўкі нафты з 24 млн т да 18 млн т на год.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG