Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве шукаюць вінаватых у арганізацыі «Прагулкі недармаедаў», на Ўладзімера Шанцава склалі пратакол


Уладзімер Шанцаў на «прагулцы недармаедаў» 19 лютага ў Магілёве

Старшыню Магілёўскай абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава зьвінавацілі ў арганізацыі 19 лютага ў Магілёве несанкцыянаванага мерапрыемства, падчас якога людзі пратэставалі супраць дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». На актывіста склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня.

Паводле Шанцава, сёньня ўдзень двое супрацоўнікаў Ленінскага аддзелу міліцыі ў маёрскім званьні прывезьлі яму позву на допыт. Калі ён зьявіўся ў пастарунку, на яго склалі пратакол апытаньня, а за ім і пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Сябе Ўладзімер Шанцаў вінаватым ня лічыць і вінаваціць гарадзкія ўлады ў парушэньні канстытуцыйных правоў грамадзян. Ён кажа, што група грамадзян зьвярталася ў гарвыканкам па дазвол на правядзеньне «Маршу недармаедаў», але ўлада не задаволіла гэтай просьбы.

«Законаў я не парушаў. Канстытуцыя гарантуе свабоду правядзеньня сходаў, вулічных сходаў. Сама ўлада парушыла гэтую канстытуцыйную норму і перашкаджае нам рэалізоўваць нашы правы. Таму парушальнік у дадзеным выпадку — улада, якая не дазволіла нам правесьці заяўленае мерапрыемства», — пракамэнтаваў абвінавачваньне Шанцаў.

Пасьля забароны «Маршу недармаедаў» у Магілёве адбылася «Прагулка недармаедаў» па пешаходнай вуліцы Ленінскай. У «прагулцы» ўзялі ўдзел ня менш як 500 чалавек. Напачатку адбыўся мітынг, на якім выступоўцы запатрабавалі ад уладаў адмяніць Дэкрэт № 3. Шэсьце па вуліцы суправаджалася выкрыкамі «Жыве Беларусь». Інцыдэнтаў зь міліцыяй не было.

27 лютага супрацоўнікі міліцыі прывезьлі позву і аднаму з выступоўцаў на мітынгу, актывісту аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алегу Аксёнаву. Яго выклікалі ў міліцыю на 8 гадзіну раніцы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG