Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дзень народзінаў Барадуліна Re1ikt прадставіў кліп на любімую песьню паэта. Відэа


Менскі рок-гурт Re1ikt прэзэнтаваў 24 лютага кліп на песьню «Дробненькі дожджык». Кліп прадстаўлены ў дзень, калі апошняму народнаму паэту Беларусі споўнілася бы 82 гады.

«Дробненькі дожджык» — адзін зь любімых народных сьпеваў Барадуліна, вядомага ня толькі ў якасьці паэта, але і ў якасьці зьбіральніка фальклёру. Гурт вырашыў спалучыць у песьні народны тэкст, вальс і рок і лічыць, што атрымалася пяшчотна.

Для здымак кліпу гурт падабраў адпаведны пачатку ХХ стагодзьдзя рэквізыт, запрасіў прафэсійнага актора, дырэктара сярэдневечнага «Шальмоўскага тэатру ДыГрыза» Аляксея Бурнасенку і сьпявачку, музыку і мадэль Кацярыну Ваданосаву. Кліп зьняў апэратар і рэжысэр Ігар Гусеў.

Песьня «Дробненькі дожджык» у выкананьні Re1ikt увайшла ў складанку «Песьні матчыны з Вушаччыны», кружэлку зь песьнямі з малой радзімы Барадуліна, грошы на якую былі сабраныя праз сайт Talaka.by.

Канцэрт-прэзэнтацыя альбому пройдзе 26 лютага ў менскім Палацы культуры вэтэранаў. А 11 сакавіка гурт Re1ikt абяцае прадставіць у менскім пабе «Графіці» новыя песьні ў акустычным складзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG