Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта «Чырвоная звязда» з Іванава «дэкамунізавалася» ў «Янаўскі край»


Газэта Іванаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці ад 2017 году зьмяніла назву з «Чырвонай звязды» на «Янаўскі край». У канцы лютага Мінінфармацыі Беларусі зацьвердзіла новую назву.

Назву абралі чытачы на сайце выданьня, затым яе зацьвердзілі ў райвыканкаме. Янаў або Янова — так звалася цяперашняе Іванава прынамсі ад XVII стагодзьдзя да 1940 году, калі гэты беларускі горад адышоў ад Польшчы да СССР.

Заснаваная ў 1943 годзе газэта таксама насіла назвы «Партызан Палесься», «Камуніст», «Сталинский путь». Нагодай да перайменаваньня стала ліквідацыя ў Беларусі дротавага радыё: неактуальнай стала другая палова назвы — «Рэдакцыя газэты „Чырвоная звязда“ і праграмы радыёвяшчаньня „Гаворыць Іванава“».

«Гэта была мая такая радыкальная ініцыятыва, — кажа Свабодзе галоўны рэдактар Ігар Гетман. — Можна было проста адкінуць „Гаворыць Іванава“ і пакінуць „Чырвоную звязду“. Але я вырашыў апытаць чытачоў, наколькі актуальна захоўваць „Чырвоную звязду“ — і ці ня лепей прывязаць назву да мясцовых рэаліяў. Пачалася доўгая жывая дыскусія, пісалі лісты, тэлефанавалі, пісалі на сайт.

Што самае цікавае, не было ніводнай сур’ёзнай прапановы са словам „Іванава“, усё ішло са словам „Янаў“ — „Янаўскі прастор“ і „Янаўскі край“ найбольш. І калі прапанавалі чытачам такія варыянты назвы, ніхто не запярэчыў з чытачоў. Зрабілі такі аналіз: аказалася, палова арганізацый у горадзе называюць сябе са словам „Янаў“, а не „Іванава“.

Мы тут не былі першапраходцамі — але ўпершыню на афіцыйным узроўні „Янаў“ вярнуўся ў назву. Вы ж разумееце, заснавальнікі — райвыканкам і райсавет. І аднагалосна прагаласавалі за гэтую назву, 29 сьнежня было паседжаньне выканкаму і райсавету, дык нават аплядысмэнты прагучалі, бо момант гістарычны быў».

«Янаўскі край» выходзіць па аўторках і пятніцах накладам у 6800 асобнікаў, падпіска на месяц каштуе 4 рублі, можна падпісацца і на PDF-вэрсію.

Не Акцябарскі, а Рудобелка; не Дзяржынск, а Койданаў; ня Кіраўск, а Качэрычы

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG