Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Жэнэўскіх мірных перамоваў пра Сырыю не чакаюць прарываў


Спэцпасланьнік ААН Стафан дэ Містура

ААН бачыць у перамовах «акно магчымасьці» для вырашэньня канфлікту палітычным спосабам.

У чацьвер у Жэнэве адбылася чарговая спроба пакласьці канец грамадзянскай вайне ў Сырыі, якая працягваецца ўжо амаль 6 гадоў. Спэцпасланьнік ААН Стафан дэ Містура сустрэўся з дэлегацыяй сырыйскага ўраду і прадстаўнікамі апазыцыі ў рамках мірных перамоваў пад эгідай ААН, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Нягледзячы на тое, што дэ Містура не чакае прарываў у выніку сустрэч, у сваім звароце ў чацьвер ён падкрэсьліў, што разглядае іх як «стварэньне акна магчымасьці» для таго, каб вызначыць, ці магчымае палітычнае вырашэньне канфлікту.

Дэ Містура прызнаў, што посьпех намаганьняў у спыненьні вайны шмат у чым залежыць ад гатоўнасьці ваюючых бакоў выконваць умовы замірэньня.

«Сырыйскі народ хоча пакласьці канец гэтаму канфлікту, і вы ўсе пра гэта ведаеце», — заявіў спэцпасланьнік ААН дыпляматам краінаў рэгіёну і вядучых краінаў сьвету.

Паводле дэ Містуры, на парадку дня тры ключавыя пытаньні: устанаўленьне сьвецкага ўраду, які будзе выклікаць давер і ўключаць прадстаўнікоў усіх бакоў; распрацоўка праекту канстытуцыі, а таксама правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам ААН.

У сваім выступе дэ Містура паведаміў, што Расея, якая правяла канфэрэнцыю пра Сырыю з удзелам Турэччыны ў сталіцы Казахстану Астане, выкарыстоўвае свой уплыў у рэгіёне для падтрыманьня рэжыму спыненьня агню.

Раней спэцпасланьнік таксама зьвярнуўся да іншых дзяржаў, што маюць уплыў на бакі канфлікту, з просьбай заклікаць іх выконваць перамір’е і не правакаваць суперніка. На момант сустрэчы ў Жэнэве ў дэ Містуры не было інфармацыі пра магчымую ролю ЗША ў перамовах. Паводле яго, новай адміністрацыі Трамп патрабуецца час для выпрацоўкі новай стратэгіі.

Прадстаўнікі бакоў канфлікту сустрэліся ў Жэнэве празь дзесяць месяцаў пасьля спыненьня дыялёгу ў сувязі з эскаляцыяй кровапраліцьця ў ахопленай вайной краіне. З пачатку грамадзянскай вайны ў сакавіку 2011 году ў Сырыі загінула каля 400 тысяч чалавек.

Больш за 6 мільёнаў сырыйцаў, палова зь іх дзеці, былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Амаль пяць мільёнаў вымушаныя былі бегчы з краіны ў суседнія дзяржавы. Па зьвестках ААН, 13,5 мільёна чалавек маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе.

XS
SM
MD
LG