Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аліеў прызначыў жонку віцэ-прэзыдэнтам Азэрбайджану


Мэхрыбан і Ільхам Аліевы

Прэзыдэнт Азэрбайджану​ Ільхам Аліеў прызначыў сваю жонку Мэхрыбан першым віцэ-прэзыдэнтам. Інфармацыю пра гэта распаўсюдзіла прэс-служба Аліева.

Мэхрыбан Аліева займала пасады прэзыдэнта Фонду Гейдара Аліева, пасла добрай волі ЮНЭСКА, а таксама зьяўляецца дэпутаткай парлямэнту.

У верасьні летась у Азэрбайджане адбыўся канстытуцыйны рэфэрэндум, які падоўжыў прэзыдэнцкі тэрмін зь пяці да сямі гадоў. Сярод іншых паправак у канстытуцыю Азэрбайджану, зацьверджаных на ўсенародным галасаваньні, былі ўвядзеньне пасадаў першага віцэ-прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнтаў, наданьне прэзыдэнту права распускаць парлямэнт і прызначаць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары, зьніжэньне ўзроставага цэнзу для абраньня ў парлямэнт з 25 да 18 гадоў.

***

Мэхрыбан Аліева нарадзілася ў горадзе Баку. У 1982 годзе скончыла з залатым мэдалём сярэднюю школу № 23 гораду Баку і паступіла на лячэбна-прафіляктычны факультэт Азэрбайджанскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту. У 1988 годзе скончыла Маскоўскі дзяржаўны мэдычны інстытут імя Сечанава. З 1988 года па 1992 год працавала ў Маскоўскім навукова-дасьледчым інстытуце вочных хвароб. Ад 1995 году займае пасаду прэзыдэнта ў створаным паводле яе ініцыятыве Фондзе культуры Азэрбайджану. Яна мае шэраг дзяржаўных узнагародаў Азэрбайджану. Мэхрыбан Аліева мае дзьвюх дачок і чатырох унукаў.

У сьнежні 2010 году пратакольная служба першай лэдзі Азэрбайджану распаўсюдзіла заяву, у якой выказала сваё абурэньне публікацыяй італьянскай газэты Il Foglio пра нібыта рамантычныя сустрэчы Мэхрыбан Аліевай з Аляксандарам Лукашэнкам у Бэрліне.

У заяве гаварылася: «Першая лэдзі Азэрбайджану, прэзыдэнт Фонду Гейдара Аліева, пасол Добрай волі ЮНЭСКА і ІСЭСКА, дэпутат парлямэнту Азэрбайджану Мэхрыбан Аліева вядомая далёка за межамі нашай краіны дзякуючы сваёй актыўнай і шматграннай дзейнасьці, накіраванай на актывізацыю дыялёгу культур і цывілізацый, абарону сусьветнай культурнай спадчыны, павышэньне ролі жанчын у палітычным і грамадзкім жыцьці. Відавочна, што рост аўтарытэту першай лэдзі Азэрбайджану, краіны, што знаходзіцца ў няпростай геапалітычнай сытуацыі, у насычаным канфліктамі рэгіёне, выклікае нэрвовую рэакцыю у некаторых колах.»

Ільхам Аліеў, Мэхрыбан Аліева, Аляксандар Лукашэнка
Ільхам Аліеў, Мэхрыбан Аліева, Аляксандар Лукашэнка

XS
SM
MD
LG