Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень суду над Уладам Казакевічам, які напаў з бэнзапілой на гандлёвы цэнтар. Жывы рэпартаж


Коратка

20 лютага ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся разгляд справы Ўлада Казакевіча, які 8 кастрычніка 2016 году напаў з бэнзапілой на людзей у гандлёвым цэнтры «Новая Эўропа». Казакевіч прызнаў віну, распавёў пра жудасныя дэталі падрыхтоўкі да забойстваў і заявіў, што працягне забіваць, калі выйдзе на волю. Свабода вядзе рэпартаж з залі суду.

16:16 21.2.2017

Сказаў пра ахвяру:

«Яна неяк дзіўна на мяне паглядзела, не пабегла. Спачатку я нават спыніўся, але потым... І падумаў, што цяпер усё, назад дарогі няма. А яна сядзела моўчкі. Працягвала сядзець, нават калі па шыі ёй прайшоўся пілой», — паказаў на манэкене, як дзейнічаў.

На гэтым моманце судзьдзя абвясьціў 5-хвілінны перапынак — «каб папіць вадзічкі».

Пасьля 5-хвіліннага перапынку пракурор зачытваў далей кавалак з пратаколу сьледчага экспэрымэнту пра момант забойства Алены Александровец:

«Раптам піла спынілася. Можа, валасы трапілі, хоць не магла з-за гэтага. Крыві ня бачыў. Нават падумаў, што не зачапіў. Яна гэтак глядзела, і раптам пачала нахіляцца і ўпала на падлогу. Нібыта была жывая. Тады дастаў сякеру і некалькі разоў ударыў. Не глядзеў, куды біў, адвярнуўся. Біў у раён галавы. Пару разоў дакладна. Каб забіць. Потым на яе не глядзеў, пайшоў. Было ўражаньне, што было добрае пападаньне. Сам спужаўся. Падумаў, што першы ёсьць, трэба наступнага ісьці забіваць».

А 17-й гадзіне быў абяўлены перапынак да наступнага дня.

15:40 21.2.2017

Казакевіч пацьвердзіў, што прызнае віну цалкам

З пратаколу яшчэ аднаго допыту, які адбыўся 13 кастрычніка 2016 года і праводзіўся ў кабінэце намесьніка генпракурора Беларусі.

«У мяне кідалі крэслы. Я хацеў дастаць іх тапаром, але не дацягнуўся. Хацеў напасьці на супрацоўнікаў міліцыі, узяць у закладнікі. Мяне затрымалі паміж дзьвюма дзьвярыма. Злосьць накіпела на сябе і на ўсіх. Быў незадаволены сваёй зьнешнасьцю. Я ўсьведамляў, што мяне могуць забіць, і хацеў гэтага».

Казакевіч пракамэнтваў тое, што ў пратаколе напісана «прызнае віну часткова».

«Гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Ад мяне патрабавалі адвакат і бацькі, каб я гэтак сказаў, што нібыта часткова прызнаю віну. На нешта спадзяваліся. І я тады пагадзіўся так сказаць, каб адчапіліся. Насамрэч я цалкам прызнаю віну», — патлумачыў падсудны.

15:16 21.2.2017

Казакевіч пра свой быт: Сам гатаваў, мыў вопратку, прыбіраў

Уладзіслаў Казакевіч паведаміў сьледчым, што назапасіў каля 1 тысячы эўра, на якія набыў бэнзапілу, тапор ды іншыя рэчы, якія выкарыстаў падчас нападу на людзей у ГЦ «Эўропа». Сьледчы распытвае, чаму ён спыніў вучобу ў 6-ай гімназіі.

«Калі выйшаў са шпіталя, маці думала, што праблема была ў гімназіі, але — наўрад ці. Перайшоў у 27-ю школу. Мне было ўсё роўна», — адказаў Казакевіч.

На пытаньні пра развод бацькоў адказваў усяго некалькімі словамі: «ня ведаю», «добра». Прызнаваў, што з 3 па 7 кастрычніка, перад нападам у «Эўропе», праглядаў у інтэрнэце відэа пра здарэньні з бэнзапілой, хацеў паглядзець на рэакцыю людзей.

Казакевіч спачатку адмовіўся называць прэпараты, якія ён ужываў ад скурнай хваробы. Потым назваў «Ракутан» і сказаў, што пачаў яго ўжываць у ліпені, па адной пігулцы за раз. Апошні раз прыняў сродак у сераду, 5 кастрычніка.

Падсудны расказаў, што сам сабе гатаваў, сам мыў вопратку, прыбіраўся ў хаце. З маці па тэлефоне размаўляў амаль штодня, з бацькам — радзей.

У Казакевіча спыталі, ці бацька прапаноўваў яму жыць зь ім, калі маці зьехала ў Нямеччыну. Ён адказаў, што ня памятае. Згадаў, што ў доме бацькоў раней быў пажар, і з таго часу ён жыў адзін у іншай кватэры.

14:32 21.2.2017

Казакевіч: «Я хацеў зьнішчыць усё чалавецтва, пачаўшы з бамжа»

Судовы працэс над Уладзіславам Казакевічам аднавіўся, пракурор працягвае агучваць допыт абвінавачанага.

«Не атрымалася знайсьці ахвяру, каб па-ціхаму забіць. Думаў, забіць якога бяздомнага нажом. Хадзіў па горадзе і шукаў ахвяру, не атрымалася», — расказаў Казакевіч.

Пракурор спытаў у яго, якія ўражаньні былі ад забойства.

«Спачатку было жахліва, цяпер нармальна. Не раскайваюся, але і задавальненьня няма. Больш расчараваны. Усё вельмі хутка скончылася. Хацеў больш забіць і каб гэта цягнулася даўжэй. Каб заганяць у кут і забіваць. Але там добра спрацавалі людзі, за мной бегалі ўвесь час. Калі была б магчымасьць, яшчэ б забіваў. Хацеў бы забіць усё чалавецтва. Можа, ня змог рэалізавацца, таму... Раней была мара адкрыць свой бізнэс у Аўстраліі, жыць там зь сям’ёй. Але з-за праблемаў са здароўем зразумеў, што добрыя мары ніколі ня зьдзейсьняцца. Тады я вырашыў рэалізаваць дрэнныя».

Казакевіч сказаў, што быў гатовы да таго, што натоўп яго заб’е, калі ён пачне пілаваць людзей у ГЦ «Эўропа», але «яны зрабілі гуманна, стрымалі свае эмоцыі».

Усе гэтыя паказаньні на сьледзтве Казакевіч пацьвердзіў. Пацярпелы Аляксандар Александровец спытаў, ці спрабаваў падсудны прадаваць праз інтэрнэт зброю, каб зарабіць грошы. Казакевіч гэта пацьвердзіў.

13:46 21.2.2017

Казакевіч дае паказаньні: «Гэта краіна мяне рэальна гнявіць»

У судзе зачытваюць паказаньні Ўладзіслава Казакевіча пра сябе і свае дзеяньні 8 кастрычніка 2016 году, якія ён даваў раней на сьледзтве.

Тады Казакевіч казаў, што ў «Эўропе» дабіў тапаром дзяўчыну пасьля таго, як ударыў яе бэнзапілой, але «з-за валасоў піла заглухла».

Пра сваю мэту тады казаў: «Была прага да забойства. Адкуль яна ўзялася, ня ведаю. Знутры. Ідэя прыйшла, магчыма, праз інфармацыю пра нейкі тэракт. Я спрабаваў набыць зброю, але ўбачыў у інтэрнэце прапановы і зразумеў, што гэта махляры».

Таксама Казакевіч адзначыў, што ніякіх ідэалёгіяў і палітычных плыняў не прытрымліваецца. Сваю сям’ю назваў выдатнай. Сказаў, што ў яго ёсьць родная сястра, зь ёй добрыя стасункі. Пра ахвяру, якую забіў, сказаў: «Ня ведаў яе, але яна павярнулася і ўсё — ўдар па шыі». Таксама адзначыў, што яго не турбавалі відэакамэры, што ня бачыў сэнсу хавацца.

«Чаго мне хацелася? Нічога, проста павесяліцца. Ня ведаю мэты. Звычайна я нармальны, але мяне нешта ўгнявіла. Гэта было ў панядзелак, тады я і сплянаваў, і таму трэба выканаць».

Сказаў, што перад прыходам у «Эўропу» выпіў алькаголю ўпершыню ў жыцьці, гарэлку разбавіў вадой, бо было брыдка. Ні з кім сваімі плянамі не дзяліўся. Пра сваё лячэньне ў «Навінках» сказаў, што тое быў «дэпрэсіўны эпізод». Сказаў, што калі езьдзіў у цёплыя краіны, там яму было лепш. Мяркуе, што ў Аўстраліі яму было б лепей.

«А гэтая краіна мяне рэальна гнявіць», — сказаў Казакевіч.

Прыгадаў, што сапраўдных сяброў сярод хлопцаў у яго не было, а сярод дзяўчынак было некалькі — «3, 4, 5, ня ведаю, колькі». Таксама падсудны станоўча ацаніў адносіны ў сям’і:

«Бацьку вельмі люблю. З маці — больш праблем, але таксама добра. Быў яшчэ дзядуля, але зь ім два гады таму здарыўся інсульт».

12:40 21.2.2017

Частка заяўленых на сёньня сьведак не зьявіліся. Суд перайшоў да агучваньня матэрыялаў справы. Агучваюцца тыя матэрыялы, якія, паводле пракурора, супярэчаць учорашнім паказаньням Улада Казакевіча ў судзе.

12:27 21.2.2017

Дыягназ — шызоіднае расстройства асобы

Сьведка Яўген Ласы, лекар, адзін раз кансультаваў Уладзіслава Казакевіча як пацыента «Навінак». Памятае, што з боку Казакевіча былі «суіцыдальныя дзеяньні».

«Нібыта быў канфлікт у школе, быў момант крызісу, нібыта ён штосьці падпаліў. На жаль, усяго ня памятаю, такіх кансультацыяў у мяне шмат», — сказаў Яўген Ласы.

Дыягназ быў — «умерана дэпрэсіўны эпізод» і «шызоіднае расстройства асобы». Лекар узгадаў, што нібыта было дзьве спробы суіцыду з боку Казакевіча.

Паводле сьведкі, калі ёсьць супадзеньне такіх дыягназаў, магчыма, што падобныя дзеяньні будуць паўтарацца.

Пасьля 5-хвіліннага перапынку лекар Яўген Ласы на просьбу адваката патлумачыў, што азначае тэрмін «шызоіднае расстройства асобы»:

«У тым ліку схільнасьць да нестандартных учынкаў, незвычайныя ідэі, фантазіі, паводзіны».

Ён пацьвердзіў, што адзінота можа спрыяць разьвіцьцю гэтага захворваньня. Сказаў, што гэта на ўсё жыцьцё.

«Гэта азначае і тое, што ён можа ўспрымаць сьвет у скажоным выглядзе».

Адвакат: Ці могуць такія людзі з такім дыягназам падвяргаць крытычнаму аналізу свае дзеяньні?

Сьведка: Такі чалавек можа адрозьніваць рэальнасьць ад сваіх фантазіяў, але ў яго можа быць схільнасьць да містыкі, сваёй выключнасьці, і яго гэта можа захапіць. Тут шмат залежыць ад пэўнага чалавека.

Адвакат: Ці можа быць канфлікт з грамадзтвам ў такога чалавека?

Сьведка: Так.

Адвакат: Ці ўплывае шызоіднае расстройства асобы на здольнасьць спачуваць іншым людзям?

Сьведка: Так.

Таксама гэтая хвароба, паводле сьведкі, можа разьвіцца ў агрэсіўнасьць. Пры гэтай хваробе могуць быць і спадарожныя хваробы, прыкладам, расстройства адаптацыі. Пры абвастрэньнях патрэбна ўзмоцненае лячэньне, у тым лікамі і псыхатэрапіяй.

«Неабходнае доўгатэрміновае лячэньне, а калі не лячыць, можа ўзьнікнуць дэпрэсія, паўтор спробы суіцыду», — лічыць сьведка.

Прычынай зрыву можа быць звальненьне з працы, адлічэньне з вучобы, трагедыя ў сям’і.

Адвакат: Ці можна такому хвораму прымаць прэпарат, у якога пабочным фактарам узьдзеяньня ёсьць суіцыд?

Сьведка: Гэта складаная тэма. Часам асобам, схільным да суіцыду, вельмі неабходныя антыдэпрэсанты.

Адвакат: А прэпарат «Роакутан» можна прымаць?

Сьведка сказаў, што ня ведае пра такі. Ён пацьвердзіў, што праблемы са зьнешнасьцю для чалавека «лічацца сапраўды псыхатраўмуючымі», і гэта спрыяе любому расстройству. Таксама сьведка зазначыў, што ў людзей з шызоідным расстройствам асобы ёсьць праблемы з адаптацыяй у грамадзтве, але яны здольныя вызначаць свае пляны і рэалізоўваць іх.

10:58 21.2.2017

«Супрацьшокавага прэпарату ў нас не было»

Сьведка Кацярына Джум, афіцыянтка піцэрыі ГЦ «Эўропа», непасрэдна нападу ня бачыла. Яна абслугоўвала жанчыну, якая потым пацярпела ад нападніка. Прынесла ёй, што тая замовіла і выйшла зь піцэрыі. А калі вярнулася, ужо ўсё адбылося.

«Мне сказалі, што нейкі хлопец зь сякерай напаў на нашу кліентку. Жанчына сядзела, у яе была кроў. Я прапанавала ёй дапамогу, тая адмовілася. Супрацьшокавага прэпарату ў нас не было, дачакаліся, пакуль прыедзе хуткая».

Яшчэ сьведка паведаміла, што ў піцэрыі ёсьць відэакамэра, але яшчэ з 2015 году камэра не працавала.

10:27 21.2.2017

Калі зьявіўся Казакевіч, адміністратары пахаваліся

Сьведка Валеры Рак у кастрычніку 2016 году працаваў старэйшым у адміністрацыі ГЦ «Новая Эўропа». Ён згадаў, што ў 17.22 да яго прыбег адміністратар і паведаміў, што трэба націскаць трывожную кнопку. Дадаў, што «па другім паверсе ходзіць чалавек зь сякерай!». Першым націснуў трывожную кнопку гэты адміністратар, потым націскаў і ён. Хутка пазванілі з пульта, запыталіся: «Што ў вас адбываецца?». Сьведка: «Пакуль 2-3 хвіліны размаўляў зь імі, гэтага чалавека ўжо «завалілі».

Самога Казакевіча да інцыдэнту ён ня бачыў. Распавёў, што вакол «Эўропы» ўсталяваныя камэры відэаназіраньня, яны ўсе спраўна працавалі, іх потым правяралі праваахоўнікі.

«Казакевіч быў у неадэкватным стане», — сказаў сьведка, пры гэтым паведаміў, што ў твар Казакевіча ня бачыў. Пацярпелы Аляксандар Аляксандровец удакладняе, ці ёсьць у іх у інструкцыі правіла аглядаць, што адбываецца вакол. Сьведка гэта пацьвердзіў. Пацярпелы таксама ўдакладніў, ці адпавядаюць рэчаіснасьці зьвесткі з матэрыялаў справы, што адміністратары зачыніліся ў сваім пакоі, калі даведаліся, што нешта адбываецца.

«Так, у нас там было шмат жанчын».

10:08 21.2.2017

Першым будуць апытваць сьведку Валера Рака. Гэта пэнсіянэр, які пражывае на вуліцы Магілёўскай.

10:04 21.2.2017

Працэс аднавіўся

Сёньня будуць далей апытваць сьведак.

Напярэдадні суд вызваліў ад абавязковага наведваньня працэсу некалькіх пацярпелых, у тым ліку маці ахвяры Марыю Налівайку, дачку Алесю, Аксану Вітвер, Ірыну Баешка.

Казакевіч раіцца з адвакатам
Казакевіч раіцца з адвакатам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG