Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэзыдэнт ухвальна кіўнуў»: Мінгандлю прапанавала Лукашэнку ўказ па спрашчэньні прадпрымальніцкай дзейнасьці


Ілюстрацыйнае фота

Праект указу прэзыдэнта па спрашчэньні прадпрымальніцкай дзейнасьці быў распрацаваны Міністэрствам гандлю ў межах грамадзка-кансультатыўнага савету супольна з прадстаўнікамі Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва.

Тэкст прадстаўлены Рэспубліканскай канфэдэрацыяй прадпрымальніцтва на Google Drive.

Віктар Маргелаў
Віктар Маргелаў

Старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў заявіў Свабодзе, што дакумэнт ужо прайшоў шэраг узгадненьня ў дзяржаўных органах, але гэта ўсё яшчэ «працоўная вэрсія», у яе могуць быць унесеныя зьмены.

Ці будзе пададзены менавіта такі дакумэнт на подпіс Аляксандру Лукашэнку і ці падпіша ён такі ўказ, невядома.

«Учора адбылася нарада з удзелам прэзыдэнта, міністар антыманапольнага рэгуляваньня далажыў у тым ліку пра гэты ўказ, растлумачыў, навошта ён патрэбны. Прэзыдэнт ухвальна кіўнуў. Я думаю, калі праект указу дойдзе да прэзыдэнта, прэзыдэнт падпіша», — кажа Свабодзе Маргелаў.

У ліку прапаноў, згаданых у праекце ўказу, ёсьць такія пункты:

— Да 2020 году ўвесьці мараторый на плянавыя праверкі юрыдычных асобаў і ІП у сфэры гандлю, харчаваньня і бытавога абслугоўваньня (санітарны і пажарны нагляды прапануюць пакінуць, як і кантроль ліцэнзаваньня).

— Скасаваць працэдуру ўзгадненьня рэжыму працы зь мясцовымі органамі (пакінуць толькі для тых, хто хоча працаваць пасьля 23 гадзін і да 7 гадзін раніцы).

— «Зьмяніць падыход да пачатку дзейнасьці ад дазвольнага да паведамляльнага».

— У сельскай мясцовасьці, малых і сярэдніх гарадах (у лік такіх не ўваходзяць, напрыклад, Слуцк і Рэчыца) прадставіць прэфэрэнцыі прадпрымальнікам у сфэры гандлю, харчаваньня і бытавога абслугоўваньня.

— Даць права некаторым суб’ектам гаспадараньня не плаціць падатку на дабаўленую вартасьць, падаходны падатак і падатак на прыбытак, а замест гэтага плаціць падатак паводле спрошчанай схемы памерам 1%. У ліку такіх суб’ектаў — крамы з плошчай, меншай за 100 м², рухомыя гандлёвыя аб’екты і месцы на рынках, аб’екты харчаваньня менш як на 50 месцаў, суб’екты бытавога абслугоўваньня без уласнага стацыянарнага аб’екту.

Шумчанка: «Пакуль не пабачым падпісаных дакумэнтаў — не паверым»

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

Старшыня аб’яднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка ж кажа Свабодзе, што такія прапановы гучалі на прадпрымальніцкіх форумах, якія ладзіла аб’яднаньне і на якіх прысутнічалі прадстаўнікі Мінгандлю. У прыватнасьці, прапаноўвалася ідэя па мараторыі на праверкі да 2020 году. Але Мінгандлю не паказвала праект указу «Пэрспэктыве».

«Тое, што нашыя заклікі падтрымалі іншыя прафсаюзы, гэта нармальна, — разважае Шумчанка. — Іншае пытаньне — наколькі ўлады будуць гэта рэалізоўваць. У гэтым пляне ў мяне вялікія сумневы. Мне здаецца, што сёньня там такая разбалянсаваная сытуацыя, што адна рука ня ведае, што робіць іншая рука.

Лукашэнка можа ківаць колькі заўгодна, а законы сёньня дзейнічаюць. І пакуль яшчэ ёсьць такі адыёзны на мой погляд орган як Міністэрства падаткаў і збораў, якое абсалютна не прыслухоўваецца да меркаваньняў бізнэс-супольнасьці і нават іншых міністэрстваў. Таму ў мяне вялікія сумневы, што гэта можа быць рэалізавана.

Я бы сёньня далей пайшоў: мараторый на праверкі гэта добра, але трэба выключыць базу для такіх праверак і канфіскацыяў. Вось пра што трэба казаць: трэба цалкам пералапачваць заканадаўства. Бо за час мараторыя назапасіцца столькі парушэньняў, якія потым выплывуць, а людзям налічаць столькі парушэньняў... Трэба ісьці да канца.

Прадпрымальнікі зь недаверам ставяцца да словаў Лукашэнкі. Ён шмат чаго абяцаў, але пастаянна не выконваў абяцаньні. У нас склалася думка, што прадпрымальнікі на рынках і гандлёвых цэнтрах, ІП не ўваходзяць у панятак бізнэсу паводле Лукашэнкі. Мяркуючы па тым, з кім ён сустакаецца — алігархі, буйны бізнэс і ўсё падобнае — гэта для яго бізнэс. А сапраўдны бізнэс, зь якога ўсё пачынаецца ва ўсім сьвеце, гэта для яго „мяшочнікі“, невядома хто. Нядаўна ад яго мы пра гэта зноў чулі. Пакуль не пабачым падпісаных дакумэнтаў — не паверым».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG