Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя беларусы ахвяраваць сваім дабрабытам дзеля сувэрэнітэту сваёй краіны?

Ці гатовая беларуская моладзь ваяваць за незалежную Беларусь, у якой яна нарадзілася? Ці можна сказаць, што моладзь — самая пралукашэнкаўская частка насельніцтва? Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць сацыёлягі — Андрэй Вардамацкі, Аляксей Ластоўскі і Сяргей Нікалюк. Вядзе перадачу Юры Дракахруст




Чым беларусы гатовыя плаціць за незалежнасьць?

Дракахруст : Незалежнасьць даражэй за любую нафту — заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас апошняй прэсавай канфэрэнцыі. Ці падзяляюць беларусы гэтую думку? Чым гатовыя яны плаціць за незалежнасьць і колькі? Мы памятаем, як, скажам, літоўцы сядзелі ў кватэрах у футрах зімой напачатку 90-х. А ці гатовыя беларусы ахвяраваць дзеля незалежнасьці сваім дабрабытам і ў якой ступені? І ці залежыць гэтая гатоўнасьць ад узросту?

Вардамацкі: Я не буду ў такім патэтычным тоне разважаць, хацеў бы прывесьці два меркаваньні і некаторыя дадзеныя адносна вашага пытаньня. Дадзеныя ня кажуць, ці будуць людзі ахвяраваць, ці будуць сядзець у кватэрах у футрах, але кажуць пра геапалітычныя арыентацыі беларусаў у цяперашні момант.

Пытаньне, якое задавалася рэспандэнтам, гучала наступным чынам: «У якім саюзе дзяржаваў, на вашую думку, было б лепш жыць народу Беларусі — у саюзе з Расейскай Фэдэрацыяй ці з Эўрапейскім зьвязам?». У сьнежні 2016 году адказы разьмеркаваліся наступным чынам: 64% аддалі перавагу саюзу з Расейскай Фэдэрацыяй і прыкладна 20% з Эўрапейскім зьвязам. Але гэтае пытаньне — інтэграцыйнае і яно не кажа наўпрост пра жаданьне, каб Беларусь увайшла ў склад РФ, там лічбы іншыя. І калі пытаць пра наўпроставы, фактычны ўваход ў склад Расейскай Фэдэрацыі, то стабільна толькі 6-7% беларусаў выказваюцца за гэта.

Дракахруст: Андрэй, а як геапалітычныя прэфэрэнцыі беларусаў зьвязаныя з узростам, залежаць ад яго?

Моладзь дэманструе найбольш праэўрапейскія пазыцыі

Вардамацкі: Моладзь дэманструе найбольш праэўрапейскія пазыцыі, праэўрапейскія арыентацыі — 40% маладых людзей ва ўзросьце ад 18 да 24 гадоў заяўляюць сваю эўрапейскую пазыцыю, крыху больш за 47% у гэтым жа моладзевым асяродзьдзі заяўляюць пра сваю арыентацыю на саюз з Расеяй. І вось вось гэты разрыў паміж праэўрапейскай і прарасейскай арыентацыяй — ён найменшы менавіта ў гэтай узроставай групе, сярод моладзі ва ўзросьце 18-24 гадоў.

Далей ідзе сталае і бесьперапыннае разыходжаньне гэтых арыентацыяў у бок прарасейскай дамінанты: ва ўзросьце 25-34 гадоў — 57% маюць прарасейскую арыентацыю, ва ўзросьце 35-44 гады — 64%, ва ўзроставай групе 55-64 гады 69% маюць арыентацыю на РФ, а сярод людзей сталага веку — 65 гадоў і старэй робяць выбар на карысьць саюзу з Расеяй трое з кожных чатырох.

То бок выразная, ясная, зразумелая тэндэнцыя — павелічэньне прарасейскай арыентацыі па меры павелічэньня ўзроставага цэнзу. І наадварот, практычна люстэркавае зьмяншэньне праэўрапейскай арыентацыі ідзе пры пераходзе да групаў большага ўзросту.

Галоўным тлумачэньнем зьяўляецца крыху рамантычнае ўяўленьне, паводле якога каштоўнасьці, якія ўласьцівыя моладзі, знаходзяцца ў Эўропе. Калі ж моладзь сталее, для яе пачынаецца эканамічна актыўны час, рэальная эканамічная дзейнасьць, то людзі пачынаюць разумець, што асноўныя рынкі збыту беларускай прадукцыі знаходзяцца ў Расеі.

Дракахруст: Аляксей, Андрэй сказаў пра геапалітычныя арыентацыі. Магчыма, замерыць гатоўнасьць ахвяраваць нечым для незалежнасьці складна, чалавек можа сам ня ведае, як ён павядзе сябе ў сытуацыі, калі перад ім, як на шалях вагаў будзе незалежнасьць і дабрабыт. А тым не менш, ці можна паводле нейкіх ускосных паказчыкаў, парамэтраў замерыць гэтую гатоўнасьць, наколькі людзі згодны з гэтай тэзай — «незалежнасьць даражэй за нафту»?

Ластоўскі: Канешне, ёсьць магчымасьць замерыць, ці гатовыя людзі ўзяць у рукі зброю ў выпадку вайсковай агрэсіі супраць радзімы. Апытаньні падобнага кшталту праводзіліся, можна ўзгадаць і дасьледаваньні НІСЭПД. Там 24% апытаных былі гатовыя ўзяць у рукі зброю ў выпадку агрэсіі. Таксама ёсьць дасьледаваньні міжнародныя на гэты конт, я маю на ўвазе дасьледаваньне 2014 году, якое праводзіла агенцтва Гэлапа сярод 65 краін сьвету.

Туды, праўда, не патрапіла Беларусь. Але пры параўнаньні дадзеных НІСЭПД і Гэлапа атрымліваецца, што беларусы паводле каштоўнаснай мадэлі блізкія ў гэтым пытаньні да ўсходнеэўрапейскага рэгіёну. Сярод краінаў Усходняй Эўропы ў адказах на пытаньне, ці гатовыя вы ўзяць у рукі зброю, чвэрць насельніцтва дэкляруе такую гатоўнасьць.

незалежнасьць стала для беларусаў прадметам агульнанацыянальнага кансэнсусу

Зразумела, гэта толькі дэклярацыя на словах. У рэальнай сытуацыі паводзіны могуць быць іншымі. Мы можам параўнаць з украінскай сытуацыяй, дзе дзьве траціны апытаных заявілі, што гатовыя ўзяць у рукі зброю. Але калі справа даходзіць да рэальнай вайсковай мабілізацыі, то бачым там шматлікія выпадкі ўхіленьня ад мабілізацыі, нежаданьня насельніцтва прымаць удзел у вайсковых дзеяньнях.

Безумоўна, незалежнасьць стала для беларусаў прадметам агульнанацыянальнага кансэнсусу. Напачатку 90-х сытуацыя была далёка не відавочная, вялікая частка насельніцтва выступала за аднаўленьне Савецкага Саюза, шмат хто імкнуўся да далучэньня да Расеі.

Але за гэтыя 25 гадоў, і тыя, хто любіць Лукашэнку, і тыя, хто ня любіць, прыйшлі да згоды ў пытаньні вартасьці беларускай дзяржавы і яе незалежнасьці. Усе дадзеныя гавораць аб тым, што беларускае насельніцтва падтрымлівае незалежнасьць краіны. Іншая справа, наколькі людзі гатовыя ахвяраваць рэальнымі рэчамі дзеля адстойваньня гэтай незалежнасьці.

Я падкрэсьлю два моманты: па-першае, Беларусь краіна вельмі сэкулярызаваная, у нас вельмі нязначную ролю адыгрывае рэлігія, і па-другое, гэта адсутнасьць таго, што можна назваць нацыянальнай мабілізацыяй — мэтанакіраванай падрыхтоўкі з дапамогай сыстэмы адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі ў выхаваньні ў людзей патрыётамі ці нават нацыяналістамі.

за гэтыя 25 гадоў, і тыя, хто любіць Лукашэнку, і тыя, хто ня любіць, прыйшлі да згоды ў пытаньні вартасьці беларускай дзяржавы

Гэтыя два моманты цалкам адсутнічаюць, бо калі мы, ізноў жа па дасьледаваньнях, заўважым, дзе сапраўды людзі выказваюць гатоўнасьць ваяваць за сваю краіну, то пераважна гэта краіны з вялікай роляй рэлігіі, альбо дзе дзяржава мэтанакіравана праводзіць нацыянальную мабілізацыю. Ніводнага з гэтых фактараў у Беларусі няма і гэта азначае, што беларусы патрапляюць у такі ўсходне-эўрапейскі тып паводзінаў. Але пры гэтым у нас, у параўнаньні з той жа самай Украінай, Польшчай альбо Літвой, яшчэ меншую ролю дзяржава адводзіць выхаваньню сваіх грамадзянаў у культурна-нацыянальным ключы.

Такія фактары, як мова, гісторыя, адзіная культура, якія падаюцца цалкам культурнымі, яны насамрэч дазваляюць ствараць сымбалічную супольнасьць, адчуваньне еднасьці тэрыторыі, зямлі і гэта, зразумела, служыць падмуркам для гатоўнасьці адстойваць інтарэсы сваёй краіны.

Калі заўтра вайна...

Дракахруст: Сяргей, які ваш адказ на гэтае апошняе пытаньне? Прычым, з улікам меркаваньняў Аляксея: нацыянальная сьвядомасьць нізкая, патрыятычнага выхаваньня амаль што няма, настрой прарасейскі як мы пачулі ад Андрэя — ну і таму, маўляў, не будзе вялікай ахвоты ваяваць, асабліва калі прыйдзецца ваяваць з Усходам. Досьвед Крыму, Данбасу паказвае, што гэта пытаньне зусім не гіпатэтычнае і не абстрактнае. Дык і насамрэч гэтая гатоўнасьць нізкая?

Нікалюк: Сапраўды, ў 2014 годзе агенцтва Гэлапа правяло апытаньне пра гатоўнасьць народаў розных краінаў са зброяй у руках бараніць незалежнасьць. Гэтая гатоўнасьць выявілася ў 18% немцаў, у 29% французаў — гэта прыкладна беларускі ўзровень. Але я хачу заўважыць, што сярод народаў Паўночнай Афрыкі пазытыўных адказаў было каля 80%.

Гатоўнасьць беларусаў абараняць сваю краіну, зразумела, дэкляраваная гатоўнасьць, залежыць ад таго, зь якога боку будзе гіпатэтычная агрэсія. Вось калі агрэсія будзе з боку Расеі, у чэрвені 2015 году пра гатоўнасьць узяць у рукі зброю для абароны краіны заявіла 19%, пры гэтым 53% сказалі, што гатовы прыстасавацца да новай сытуацыі. Калі ж задавалася пытаньне пра адказ на агрэсію з боку НАТА, то гатоўнасьць чыніць супраціў са зброяй у руках прадэкляраваў 31% беларусаў. Зразумела, сярод гэтых адсоткаў істотна пераважаюць маладыя людзі.
Я мяркую, што калі эканамічная сытуацыя ў Беларусі пагоршыцца, а ў Расеі, наадварот, палепшыцца, што прыхільнікаў згадзіцца з расейскай агрэсіяй у Беларусі будзе значна больш.

Дракахруст: Андрэй, а як вы ацэньваеце пражэктыўныя паводзіны моладзі ў такой крытычнай сытуацыі? Тут можна прыводзіць аргумэнты двух кшталтаў. З аднаго боку, моладзь, якую вы вызначаеце ўзростам 18-24 гадоў, уся нарадзілася ўжо ў незалежнай Беларусі, у адрозьненьні ад старэйшых пакаленьняў. Моладзь ніякай іншай Беларусі, ніякай БССР, не ведаюць, яны дзеці незалежнай Беларусі. І таму яны, па ідэі, павінны больш быць гатовыя змагацца за яе. Ну, і потым у моладзі заўсёды ўсё ж гарачая кроў.

Але, зь іншага боку, зараз шмат хто скардзіцца, асабліва чым старэй, тым больш, што цяперашняя моладзь думае толькі пра грошы, пра кар’еру і ўвогуле пра тое, каб «зваліць» з гэтай краіны. Падобныя арыентацыі не спрыяюць таму, каб забіваць і гінуць. Вось з гэтых дзьвюх групаў фактараў — што ў матывацыях моладзі пераважае?

на тэрыторыі РБ дамінуюць расейскія сродкі масавай інфармацыі

Вардамацкі: Трэба выразна разумець, што азначаюць гэтыя лічбы, скажам, лічба ў 20% гатовых са зброяй у руках ваяваць. Тут эфэкт сацыяльнай пажаданасьці працуе. Але мы пры гэтым не разумеем, у які бок — заніжэньня ці завышэньня — працуе гэты эфэкт.
Таму што ў людзей звычайна адсотак падобнага роду адказаў завышаецца, іншымі словамі, больш людзей кажуць, што будуць ваяваць, чым людзей, якія будуць ваяваць насамрэч. Але з улікам асаблівасьцяў беларускага нацыянальнага мэнталітэту гэта можа, наадварот, заніжацца.

То бок, мы ня ведаем, якая насамрэч гэта лічба, нават калі мы яе маем. Адзінае, што можна цяпер зрабіць, гэта паразважаць тэарэтычна на гэтую тэму, разумеючы, што гэтыя развагі маюць вельмі адносную значнасьць.

Трэба разумець, што на тэрыторыі РБ дамінуюць расейскія сродкі масавай інфармацыі. Раней гэтае дамінаваньне было абсалютнае, цяпер можна казаць пра некаторае зьмяншэньне за кошт стварэньня новых беларускіх навінных праграмаў і аналітычных шоў.

Тая акалічнасьць, што моладзь усё жыцьцё жыве ва ўмовах незалежнай Беларусі, можа працаваць як у бок узмацненьня ідэнтычнасьці, патрыятызму, гэтак і ў процілеглы бок, у бок павелічэньня ўзроўню канфармізму — іншага нічога няма, таму да гэтага трэба прыстасоўвацца. І гэта зьніжае дзеяньне фактару, які вы, Юры, назвалі «гарачай кроўю моладзі».

Градус гэтай «гарачыні» зьніжае існаваньне ў гэтай і толькі ў гэтай рэальнасьці, якая ўспрымаецца як заўсёдная дадзенасьць, да якой трэба прыстасоўвацца.

Дракахруст: Падвышаецца ўзровень канфармізму адносна таго, што існуе, ці адносна гвалтоўных зьменаў з боку замежных дзяржаваў?

Вардамацкі: Адносна таго, што трэба прыстасоўвацца да таго, што ёсьць увогуле. І трэці фактар — гэта кансюмэрызацыя. Гэта агульны глябальны працэс, які ахоплівае і Беларусь і ўплывае на яе. Кансюмэрызацыя не заўсёды ідзе ў нагу з патрыятызмам. Яна часам пераважае і паніжае патрыятычныя настроі.

Стаўленьне моладзі да Лукашэнкі і Пуціна

Дракахруст: Андрэй, вы на самым пачатку нашай размовы патлумачылі, чаму беларуская моладзь больш праэўрапейская. Цікавыя дадзеныя паведаміў у інтэрвію нашаму радыё дырэктар расейскага Левада-цэнтра Леў Гудкоў. Паводле яго ў Расеі моладзь — самая прапуцінская частка насельніцтва. А ці можна сказаць, што ў Беларусі моладзь — самая пралукашэнкая частка насельніцтва? І калі не, то ў чым прычыны адрозьненьня? Я 12 гадоў таму рабіў перадачу пра ўстаноўкі моладзі ў Беларусі, Ўкраіне і Расеі. І ў той перадачы дырэктар расейскага ВЦИОМ казаў, што і тады ў Расеі моладзь была ў пэўным сэнсе самай прапуцінскай часткай насельніцтва. А гэта да ўсіх «крымнаш».

Вардамацкі: Што да фэномэна пуцінскай моладзі ў Расеі, гэта абсалютна адпавядае тэорыі масавай сьвядомасьці моладзі. Моладзь загараецца сьвежай, гарачай, новай ідэяй і ідзе за ёй, адыходзячы ад руціны.

нельга казаць пра цалкам антылукашэнкаўскі настрой сярод беларускай моладзі

Пуцін прапанаваў гэтую ідэю, яна была і раней, але зараз яна ўспрымаецца як новая — гэта ідэя вялікай Расеі. І ў гэтым сэнсе Крым вельмі добра кладзецца на гэтую ідэю. «Рускі сьвет» выклікае моцныя пачуцьці на фоне эканамічнай шэрасьці, ў якой існуе Расея, асабліва ў правінцыі. Таму моладзь за гэтым пайшла, таму яна прапуцінская.
Што да беларускага выпадку, то тут моладзь пераважна не зьяўляецца антылукашэнкаўскай. Больш за тое, сярод моладзі адсотак тых, хто мае антылукашэнкаўскія ўстаноўкі, зьмяншаецца. І гэта зьяўляецца адлюстраваньнем таго, пра што вы, Юры, казалі — моладзь вырасла ўжо ў створанай сытуацыі і вялікая частка ставіцца да сытуацыі па-канфармісцку, успрымае як дадзенасьць.

Вось так уладкаваны сусьвет, так склаліся зоркі на небе, гэта заўсёды было і, імаверна, гэта вельмі доўга яшчэ будзе, таму трэба адаптавацца да гэтага. Такія погляды вельмі распаўсюджаныя, таму нельга казаць пра цалкам антылукашэнкаўскі настрой сярод беларускай моладзі.

Дракахруст: Сяргей, і тое ж пытаньне да вас. Чаму ёсьць такія адрозьненьні ўва ўстаноўках расейскай і беларускай моладзі?
У Расеі моладзь нечым апантаная, а чаму беларуская моладзь тым жа самым не апантаная. У Расеі моладзь самая прапуцінская частка насельніцтва, у Беларусі, як мы пачулі з словаў Андрэя, моладзь — не самая пралукашэнкаўская частка грамадзтва, хаця і ня надта антылукашэнкаўская. А ці можна пра беларуская моладзь сказаць, што яна самая прапуцінская ў Беларусі?

апазыцыя ў Беларусі — гэта заўсёды апазыцыя направа, чаго няма ў Расеі

Нікалюк: Нейкай адной прычынай гэтае адрозьненьне не вытлумачыць, але адрозьненьне гэтае вельмі сурʼёзнае, нягледзячы на блізкасьць двух культураў, двух народаў. З майго пункту гледжаньня галоўная прычына палягае ў найноўшай гісторыі Беларусі і Расеі. Рэч у тым, што першыя прэзыдэнцкія выбары ў Расеі прайшлі ў 1991 годзе, на хвалі празаходніх настрояў, і перамог на іх Барыс Ельцын, які сябе пазыцыянаваў як дэмакрата. У выніку ў Расеі ўжо пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў паўстала досыць моцная, заўважная апазыцыя прэзыдэнту з боку левых, з боку камуністаў, і гэта апазыцыя працягвае існаваць, хаця і ў зьмененай форме, дагэтуль.

У Беларусі першыя прэзыдэнцкія выбары прайшлі ў 1994 годзе, калі дэмакраты з пункту гледжаньня большасьці ператварыліся ўжо ў «дзермакратаў» і таму ў Беларусі выразьнікам левых поглядаў, лепшым выразьнікам левых паглядаў, зьяўляецца сам Лукашэнка. І апазыцыя ў Беларусі — гэта заўсёды апазыцыя направа, чаго няма ў Расеі.

Менавіта таму моладзь, якая больш празаходняя частка грамадзтва, у цэлым не так актыўна падтрымлівае Лукашэнку. Аднак прыхільнікаў досыць шмат. На выбарах у Беларусі ў 1994 годзе за левых кандыдатаў — Дубко, Кебіча, Лукашэнку, Новікава — ва ўзроставай групе (18-29 гадоў) галасавала 37%, а сярод тых, каму было 60 і болей гадоў — 71%.

Падобная ж сытуацыя была і на выбарах 2006 году. Гэта пік разьвіцьця сыстэмы, але прыкладна тыя ж лічбы, За Лукашэнку тыя ж 37% сярод моладзі, а сярод самай старэйшай узроставай групы — 79%.
Гэтая структура застаецца яшчэ з першых выбараў, А далей сам Лукашэнка сваёй палітыкай увесь час падтрымліваў гэтую структуру, таму што яго палітыка ёсьць палітыка на карысьць большасьці.

Дракахруст: Сяргей, расейская моладзь вельмі схільная ўспрымаць пуцінскую мэгаламанію — вялікая Расея, устанем з каленяў, «мы еще дойдем до Ганга», мы ня ведаем, дзе нашыя межы. А беларускай моладзі гэта сымпатычна?

Нікалюк: Я думаю, што не. І тыя лічбы пра сувязь узросту і геапалітычных прэфэрэнцыяў, якія агучыў Андрэй Вардамацкі, пра гэта сьведчаць. У нас прыхільнікі інтэграцыі з Расеяй, а значыць і расейскага прэзыдэнта, гэта перадусім людзі сталага веку. Вось гэтая структура — калі ты за Расею, ты і за Пуціна, паўтараецца пры адказах на практычна кожныя геапалітычныя пытаньні падобнага тыпу. А беларуская моладзь у найменшай ступені за Расею.

Ці падабаецца беларускай моладзі Пуцін?

Дракахруст: Так, Сяргей, гэта пацьвярджаецца і адказамі на прамое пытаньне. У чэрвені 2015 году НІСЭПД задаваў пытаньне аб стаўленьні да сусьветных лідэраў. Найбольшую долю станоўчых адказаў — 60% — тады атрымаў Пуцін. Пры гэтым сярод моладзі −18-24 гады — яго ацанілі станоўча 56%, прыкладна гэтак жа — сярэднія ўзроставыя групы — 30-49 гадоў, сярод людзей сталага веку — 60 гадоў і старэй — станоўча ацанілі прэзыдэнта Расеі 69%. І сапраўды, адсюль вынікае, што беларуская моладзь — не самая прапуцінская група насельніцтва.

беларуская моладзь — не самая прапуцінская частка насельніцтва

Вардамацкі: Ускосна адказ на вашае, Юры, пытаньне і мы атрымалі падчас леташняга сьнежаньскага 2016 году апытаньня. Там мы задавалі, апроч іншага, пытаньне — каго, на вашую думку, можна лічыць чалавекам году 2016 году? На першым месцы ў рэспандэнтаў аказаўся прэзыдэнт Расейскай фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін. Ну чалавек году — ня значыць самы паважаны, самы любімы чалавек. Але тым ня менш.
Дык вось была вызначаная сувязь з узростам. У групе самых маладых рэспандэнтаў −18-24 гады — Пуціна палічылі чалавекам году 16%, далей — неманатонны рост долі тых, хто так лічыў, першы максымум — 45-54 гады — для 40% зь іх Пуцін — чалавек году. Потым у групе 55-64 гады — зьніжэньне да 36%, і ў групе старэйшых за 64 гады — ізноў 40%.

Паказчык, паўтару, ускосны, але яскравы. Выснова: беларуская моладзь — не самая прапуцінская частка насельніцтва.

Дракахруст: Аляксей, Ваша тлумачэньне гэтага фэномэну, што расейская моладзь — самая прапуцінская, а беларуская моладзь, не тое, каб антылукашэнкаўская цалкам, але ў большай ступені, чым іншыя ўзроставыя кагорты. Чым гэта тлумачыцца?

Ластоўскі: Ва ўсіх дасьледаваньнях беларуская моладзь найбольш крытычна ставіцца да дзейнай улады і дэманструе найбольш праэўрапейскія памкненьні. Мы бачым у Беларусі зусім іншую сытуацыю чым у Расеі. Тлумачэньне, як мне падаецца, складаецца з двух асноўных чыньнікаў. Пуцін сапраўды прапаноўвае новы шлях нацыянальнай мабілізацыі, яскравы і агрэсіўны, гэта шмат адпавядае каштоўнасьцям моладзі, якая скіраваная на зьмены і ня дзіўна, што моладзь будзе яго падтрымліваць у такіх пачынаньнях.

Пуцін сапраўды прапаноўвае новы шлях нацыянальнай мабілізацыі

Відавочна, што ў Беларусі мы маем іншыя дзяржаўныя праекты, якія пабудаваныя хутчэй на сацыяльным кантракце, на спажывецкіх каштоўнасьцях — мы жывем у Беларусі і падтрымліваем уладу, пакуль улада забясьпечвае нашыя патрэбы. І гэты праект хутчэй будзе выклікаць захапленьне ў людзей сталага ўзросту, якім патрэбны гэты парадак, стабільнасьць і добрая пэнсія. Ну а моладзі гэтага, зразумела, недастаткова, каб яе натхніць. Другі чыньнік — гэта слабасьць уласнага мэдыярынку. Моладзь — гэта якраз пакаленьне, якое атрымлівае інфармацыю з розных крыніцаў. І калі Беларусь не стварае ўласную мэдыяпрастору, то на нас вельмі ўплывае расейская мэдыяпрастора ў шырокім сэнсе.

Зразумела, частка моладзі аказваецца падкантрольнай таму, што ідзе з боку Расеі праз сацыяльныя сеткі — праз «Укантакце», праз «Аднакласнікі». Празь іх, праз адпаведныя сайты ідуць шалёныя хвалі прапаганды і гэта, безумоўна, аказвае сваё дзеяньне. Але большая частка моладзі ўсе ж такі арыентаваная на праэўрапейскія мэдыя.
Я б адзначыў яшчэ адзін важны чыньнік. Мы атрымоўваем у якасьці заходнеэўрапейскіх каштоўнасьцяў самавыяўленьне, талерантнасьць, гатоўнасьць ісьці на кампраміс. Але відавочна, што ў вострай сытуацыі, скажам, у сытуацыі замежнай агрэсіі гэтыя каштоўнасьці не спрацоўваюць, яны не вядуць да належнай мабілізацыі насельніцтва.

атрымоўваем у якасьці заходнеэўрапейскіх каштоўнасьцяў самавыяўленьне, талерантнасьць

Нават тая моладзь, якая праэўрапескі арыентаваная, інтэграваная хутчэй у спажывецкія, кансюмэрысцкія каштоўнасныя мадэлі. Але гэта зусім не азначае гатоўнасьць адстойваць свой праэўрапэйскі выбар нават не са зброяй у руках, а, скажам, шляхам выхаду на плошчу. Ужо нават гэтая гатоўнасьць зьнікае.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG