Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рассельгаснагляд» завярнуў яшчэ 37 тон беларускага мяса — кепскі санітарны стан


Ілюстрацыйнае фота

З 4 па 6 лютага 2017 году «Рассельгаснагляд» у Бранскай і Смаленскай абласьцях забараніў увоз больш як 37 тон ялавічыны зь беларускіх мясакамбінатаў у Любані і Магілёве.

Як паведамляецца на сайце ведамства, падчас вэтэрынарнага кантролю ўпраўленьне Рассельгаснагляду Бранскай і Смаленскай абласьцей выявіла, што асобныя паўтушы маюць «нездавальняючы санітарны стан, забруджаныя мэханічнымі прымешкамі. Акрамя таго, пры аглядзе мяса вызначана ягонае дрэннае абяскроўліваньне, наяўнасьць крыві ў буйных і дробных сасудах».

Рассельгаснагляд сьцьвярджае, што, нягледзячы на грубыя парушэньні, грузы суправаджаліся вэтэрынарнымі сэртыфікатамі, выдадзенымі Дзяржаўнай вэтэрынарнай службай Рэспублікі Беларусь.

«Харчовая вайна» паміж Расея і Беларусьсю абвастрылася ў пачатку 2017 году. Падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт прэтэнзіяў Масквы да беларускіх прадуктаў і нават паабяцаў распачаць крымінальную справу супраць кіраўніка Рассельнаснагляду Сяргея Данкверта за «нанясеньне шкоды дзяржаве».

З 6 лютага Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаваньні на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласьці Беларусі, а таксама некаторых з Магілёўскай вобласьці. Сярод прычын называліся падазрэньні ў тым, што беларускія прадпрыемствы прадаюць у Расею мяса ўкраінскага паходжаньня.

8 лютага Рассельгаснагляд паведаміў, што ў студзені на мяжы спынены ўвоз зь Беларусі ў Расею больш як 40 партыяў малочнай і мясной прадукцыі беларускага паходжаньня.9 лютага Рассельгаснагляд распаўсюдзіў заяву пра адкладаньне візыту сваіх спэцыялістаў у Беларусь, якія меліся праверыць месцы захоўваньня і вытворчасьці расьліннай прадукцыі. Прычына адкладаньня візыту — магчымыя «правакацыйныя дзеяньні зь беларускага боку».

XS
SM
MD
LG