Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка паціху ідзе ад Пуціна»: расейскія і ўкраінскія СМІ пра прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі


Параўнаем загалоўкі ўкраінскіх і расейскіх СМІ.

Амаль васьмігадзінная прэсавая канфэрэнцыя кіраўніка Беларусі трапіла на топы пераважнай большасьці расейскіх СМІ.

«Лукашэнка разыграў калгасны спэктакль», піша расейскі рэсурс Газета. ru, паводле якога «Аляксандр Лукашэнка выступіў з жорсткімі выказваньнямі на адрас Расеі, аднак заявіў, што ня бачыць небясьпекі акупацыі Расеяй Беларусі і мае сяброўскія адносіны з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Выпад беларускага лідэра зьвязаны са стварэньнем зоны кантролю на мяжы і жаданьнем дамагчыся больш справядлівых, на думку беларускага боку, коштаў на газ».

Расейскае інфармацыйнае агенцтва «РИА-Новости» зьвяртае ўвагу на тое, што «Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі зьбіўся з думкі і папракнуў журналістаў» і прыводзіць прыклад, як «Аляксандар Лукашэнка праз прыкладна 90 хвілін пасьля пачатку вялікай прэс-канфэрэнцыі ў Менску зьбіўся з думкі, пасьля чаго заявіў журналістам, што яны яго ня слухаюць».

Расейскі інфармацыйны партал Lenta.ru апавядае, як «прэзыдэнт Беларусі забаўляў журналістаў» падчас прэсавай канфэрэнцыі — «Гальштук імпартны, трусы — свае».

«Аляксандар Лукашэнка расказаў пра набалелае», — піша расейскі «КоммерсантЪ», адзначаючы, што «спрэчка з Расеяй аб цане на газ закранула яго за жывое».

А вось на якія моманты зьвярнулі ўвагу ўкраінскіх СМІ.

«Расея ніколі не акупуе Беларусь. Як Лукашэнка правёў сваю вялікую прэс-канфэрэнцыю» — піша ўкраінская тэлевізійная служба навінаў TSN, якая сярод іншага зьвяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка «абурыўся расейскім эмбарга на ўкраінскія тавары», а таксама назваў «Майдан плямай на ўкраінскім народзе».

«Лукашэнка паціху ідзе ад Пуціна, — палітоляг», — з такім акцэнтам падае інфармацыю пра прэсавую канфэрэнцыю беларускага кіраўніка ўкраінскі партал gazeta.ua.

А «Украінская праўда» найперш зьвяртае ўвагу на заяву кіраўніка Беларусі пра расейскую авіябазу ў Беларусі — «Лукашэнка пра авіябазу РФ у Беларусі: яна нам тут не патрэбная». І прыводзіць ягоную цытату «Мы не Ўкраіна, мы не антырасейскія, мы ў НАТО не імкнемся».

«Лукашэнка правёў найбольш працяглую прэсавую канфэрэнцыю», падсумоўвае ўкраінскі Міжнародны грамадзка-палітычны штотыднёвік ZN.ua, дадаючы, што за 22 гады пры ўладзе Лукашэнка ніколі не гаварыў так доўга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG