Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі аблвыканкам схаваў статыстыку незадаволеных жыцьцём, калі іх колькасьць перавысіла 50%


На афіцыйным сайце аблвыканкама некалькі тыдняў таму разьмясьцілі апытанку: «Як, на вашу думку, зьмянілася сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў вашым рэгіёне?» Жыхарам Віцебшчыны было прапанавана 4 варыянты адказу: «Не зьмянілася», «Палепшала», «Пагоршала», «Цяжка сказаць».

На колькасьць незадаволеных цяперашняй сытуацыяй зьвярнуў увагу Сяржук Серабро, рэдактар інтэрнэт-рэсурсу «Народныя навіны Віцебска». Як толькі на сайце зьявіўся артыкул пра тое, што сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў вобласьці, на думку 50% рэспандэнтаў, пагоршылася, афіцыйная старонка атрымала наплыў наведнікаў. І колькасьць незадаволеных падрасла яшчэ болей, кажа Сяржук Серабро:

«Артыкул Жители Витебской области отмечают ухудшение социально-экономической ситуации зьявіўся на сайце ў 14:18. Чытачы паведамілі ў камэнтарах, што ўжо 55% удзельнікаў выбралі адказ „Пагоршала“. Але праз колькі хвілін апытанка з сайта аблвыканкаму была прыбрана ўвогуле».

Спадар Серабро знайшоў захаваныя ў інтэрнэце ранейшыя зьвесткі пра галасаваньне. Паводле іх, яшчэ 19 студзеня пагаршэньне сацыяльна-эканамічнай сытуацыі канстатавалі 45% рэспандэнтаў. Аднак простыя людзі — шараговыя віцябляне — рэдка наведваюць сайты органаў улады, і на вялікую колькасьць незадаволеных жыцьцём ніхто не зьвяртаў увагі.

Аднак усё зьмянілася, як толькі зьвесткі пра гэта трапілі на незалежны інфармацыйны рэсурс. Спачатку пад артыкулам зьявіліся зьедлівыя камэнтары наконт абяцаньняў годных заробкаў і пэнсіяў. А цяпер прадметам кпінаў стаў і сам факт зьнікненьня апытанкі з афіцыйнага сайта Віцебскага аблвыканкаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG