Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне зьдзіўляе ўпартасьць МЗС». Дырэктарка Белсату распавяла пра тое, што чакае тэлеканал


Агнешка Рамашэўска-Гузы
Агнешка Рамашэўска-Гузы

Дырэктарка тэлеканалу Белсат Агнешка Рамашэўска-Гузы пракамэнтавала Свабодзе заяву дзяржсакратара МЗС Польшчы Марэка Зюлкоўскага наконт спыненьня дамовы аб фінансаваньні Белсату.

РС: Што для Белсату азначае скасаваньне дамовы паміж Міністэрствам замежных справаў Польшчы і польскай тэлевізіяй?

МЗС спыняе фінансаваньне Белсату ад 2018 году.

Рамашэўска: Дамова паміж МЗС і тэлевізіяй не датычыць існаваньня Белсату. Яна закранае пытаньні фінансаваньня. Хаця, вядома ж, гэта ключавая справа для яго існаваньня. Белсат, калі быць дакладнай, быў створаны ў рамках TVP як частка Польскай грамадзкай тэлевізіі, а МЗС выступаў у якасьці спонсара. Згодна з правіламі, МЗС можа спыніць дзеяньне дамовы за паўгоду, але яна працягвае быць абавязковай для бакоў да канца каляндарнага году. Калі коратка, то МЗС спыняе фінансаваньне Белсату ад 2018 году.

РС: То бок у гэтым годзе Белсату не пагражае закрыцьцё?

Рамашэўска: Па-сутнасьці не, МЗС абавязаны ў гэтым годзе нас фінансаваць, але мы да гэтага часу ня ведаем, колькі атрымаем грошай. Яны хочуць зьменшыць наш бюджэт і невядома, якой будзе гэтая сума. МЗС, дарэчы, падпісаў завяршэньне дамовы 30 сьнежня 2016 году. Яны, відаць, думалі, што калі гэта 2016 год, то гэта нешта зьменіць, але гэта нічога не мяняе.

РС: На пачатку студзеня прэм’ер-міністарка Польшчы Бэата Шыдла запэўніла вас, што Белсату нічога не пагражае. Як цяпер разумець гэты крок МЗС?

Ад супрацы са спадаром Зюлкоўскім у мяне засталіся ня вельмі добрыя ўражаньні.

Рамашэўска: Я ведала пра гэтае завяршэньне дамовы ўжо тры тыдні. Але я не хацела гэтага агучваць, бо гэта магло б выклікаць вялізны скандал і няўпэўненасьць. Я лічыла, што пра яе можна будзе казаць толькі тады, калі будуць вядомыя дэталі дамовы на 2018 год. І я была вельмі зьдзіўленая, калі даведалася, што спадар Зюлкоўскі з МЗС распавёў пра гэта газэце. Такая форма камунікацыі мяне непакоіць, бо яна сьведчыць пра вялікую ўпартасьць з боку МЗС. Тым больш, што ад супрацы са спадаром Зюлкоўскім у мяне засталіся ня вельмі добрыя ўражаньні. Яго дэпартамэнт займаўся Белсатам ў мінулыя гады. І ў нас з тых часоў ня вельмі добрыя ўражаньні. Я прыгадваю дасьледаваньне колькасьці гледачоў Белсату, праведзенае сярод кіроўцаў фураў на памежных пераходах. Зь яго вынікала, што ніхто зь іх не глядзіць Белсат, затое ўсе кіроўцы глядзяць CNN.

РС: Хто цяпер фінансуе Белсат?

Рамашэўска: Польская тэлевізія, у якой таксама няма грошай. У іх ня меншыя праблемы, чым у нас.

РС: А ці вядуцца перамовы з МЗС наконт мадэрнізацыі?

Я гусінай скурай пакрываюся, калі чую слова мадэрнізацыя.

Рамашэўска: Я гусінай скурай пакрываюся, калі чую слова мадэрнізацыя. Ня ведаю, што ён мае на ўвазе. Пакуль мы мадэрнізуем нашае абсталяваньне.

РС: У Варшаве цяпер знаходзіцца дэлегацыя беларускага парлямэнту. Ці бачыце вы сувязь паміж гэтым візытам і публікацыяй артыкулу Зюлкоўскага? Сам ён некалькі дзён таму сустрэўся зь беларускім амбасадарам.

Рамашэўска: Не выключаю. За апошні час я бачу столькі фэервэркаў вакол польска-беларускіх адносінаў, што робіцца млосна. Я б хацела пабачыць хоць адзін вынік, а ня проста словы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG