Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сыходу беларусаў літоўскі аўтамабільны рынак апанавалі ўкраінцы


Паводле кіраўніка Каўнаскага аўтарынку Валянцінаса Наўяніса, штодня на Каўнаскі аўтарынак, які зьяўляецца самым вялікім у Эўропе, прыяжджае пяць аўтатралаў.

Звычайна аўтатрал перавозіць 8 аўтамабіляў, але часьцей за ўсё на яго ставяць па 9. Значыць штодня прывозяць каля 40 аўтамабіляў, паведамляе літоўскі партал DELFI.

Цяпер асноўныя пакупнікі на рынку — украінцы. Жыхары Ўкраіны знайшлі спосаб сыходу ад выплаты падаткаў. Яны проста пакідаюць на машыне літоўскія нумары.

«Украінцаў становіцца больш, але яны вывозяць машыны з літоўскімі нумарамі. Яшчэ сярод пакупнікоў нямала малдаван..»., — сказаў DELFI Наўяніс.

Украінцы на машынах з літоўскімі нумарамі рызыкуюць — машыны ў іх могуць канфіскаваць. Таму пры куплі ўкраінцы кіруюцца толькі адным крытэрыем, як сказаў Наўяніс: «Купляюць усё, што танна». Украінцы лічаць, што з-за мытных пошлін машыны ў іх краіне вельмі даражэюць, таму яны не сьпяшаюцца здымаць іх з уліку ў Літве.

«Ва ўкраінскай правінцыі ўсё яшчэ шмат аўтамабіляў з літоўскімі нумарамі. Проста яны ня плацяць пошліны. Калі ў Літве плацяць за машыну 2000 эўра, то той жа аўтамабіль ва Ўкраіне з усімі падаткамі будзе каштаваць 7000 даляраў ЗША. Аўтамабіль з-за пошлін моцна даражэе, таму людзі і не адмаўляюцца ад літоўскіх нумароў. Тут уключаецца момант часовасьці, таму ўкраінцы не купляюць дарагія аўтамабілі », — сказаў Наўяніс.

Ён не хавае, што залаты пэрыяд для гандляроў ужыванымі аўто завяршыўся.

«Найлепшыя часы былі, калі былі пакупнікі з Казахстану і Беларусі. І тых, і іншых палохалі, што праз тры месяцы пасьля ўступленьня ў Мытны саюз яны ня змогуць прывозіць машыны, вось яны і зьмяталі ўсё. Тады ўсім было добра — і тым, хто перапрадаваў, і тым, хто перавозіў. Нават не пасьпявалі перавозіць. Цяпер гэта ўсё засталося ў мінулым », — распавёў Наўяніс.

У выніку ўступленьня Беларусі ў Мытны саюз стаўкі мытных пошлінаў на ўвазныя аўтамабілі зраўняліся з расейскімі. Краіны Мытнага саюзу падпісалі ў 2010 годзе пагадненьне аб парадку перамяшчэньня фізычнымі асобамі тавараў для асабістага карыстаньня празь мяжу Мытнага саюзу. Гэты дакумэнт, у прыватнасьці, вызначаў стаўкі мытных пошлін на транспартныя сродкі. За аснову такіх пошлін і ставак былі прыняты расейскія стаўкі. Яны ў разы большыя за стаўкі, якія дзейнічалі ў Беларусі да 2010 году.

Глядзець камэнтары (1)

XS
SM
MD
LG