Нязьменны прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў прыняў рашэньне пераразьмеркаваць некаторыя паўнамоцтвы прэзыдэнта на карысьць парлямэнту і ўраду. Ён патлумачыў, што яго рашэньне «адпавядае выклікам часу» і духу «дэмакратычных рэформаў».
«Моцная прэзыдэнцкая вэртыкаль патрэбная была нам у часе велізарных цяжкасьцяў станаўленьня дзяржавы. Яна сябе ў той час апраўдала. Усе нашы дасягненьні былі зробленыя менавіта ў гэтай сыстэме. І яна была нацэленая на павышэньне эфэктыўнасьці сыстэмы кіраваньня», — сказаў Назарбаеў у спэцыяльным звароце да нароу, які трансьляваўся тэлеканаламі краіны.
Ён падкрэсьліў, што роля парлямэнту і ўраду значна ўзмоцніцца.
«Улічваючы важнасьць прапанаваных захадаў, я вырашыў вынесьці на ўсенароднае абмеркаваньне праект канстытуцыйных рэформаў, які будзе апублікаваны. Выдадзены адпаведны ўказ», — сказаў Назарбаеў.
Ён растлумачыў, што прэзыдэнту краіны застануцца стратэгічныя функцыі, ён будзе выконваць ролю «вярхоўнага арбітра». Кіраўнік дзяржавы таксама будзе адказваць за пытаньні нацыянальнай бясьпекі і абароны.
«Партыя, якая пераможа на парлямэнцкіх выбарах, будзе вырашальным чынам уплываць на фарміраваньне ўраду», — сказаў Назарбаеў. Свае паўнамоцтвы кабінэт міністраў будзе складаць перад парлямэнтам, а не перад прэзыдэнтам, дадаў ён.
Відэа тэлезварот. Пераклад на расейскую — ад 2-й хвіліны.
Ураду перададуць паўнамоцтвы па зацьвярджэньні дзяржпраграм, а прэзыдэнт нават можа адмовіцца «ад права адмяняць або прыпыняць дзеяньні актаў ураду і прэмʼер-міністра».
Нурсултану Назарбаеву 76 гадоў. Да ўлады ў Казахстане ён прыйшоў у 1979 годзе, яшчэ да распаду СССР. У 1990 годзе Назабаеў стаў першым прэзыдэнтам незалежнага Казахстану. У кастрычніку 2016 году афіцыйны сайт прэзыдэнта ўпершыню апублікаваў паведамленьне пра праблемы са здароўем Назарбаева, з-за хваробы давялося адмяніць яго візыт у Армэнію.