Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве АГП агітуе за імпічмэнт дэпутату Палаты Прадстаўнікоў


У Магілёве сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі пачалі зьбіраць подпісы за адкліканьне дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Аляксандра Старавойтава.

Паводле ініцыятараў кампаніі збору подпісаў Старавойтаў падтрымаўшы дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» не апраўдаў даверу выбарцаў і мусіць скласьці зь сябе дэпутацкія паўнамоцтвы.

У першыя два дні за «імпічмэнт» дэпутату Палаты Прадстаўнікоў падпісала 60 чалавек. Паводле ініцыятара кампаніі старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімера Шанцава людзі пазытыўна ўспрымаюць ініцыятыву пазбавіць Старавойтава дэпутацтва, але падпісваюцца ня многія. «Бальшыня тых хто адмаўляецца баяцца рэпрэсіяў з боку ўладаў», — кажа партыец.

У першы дзень кампаніі за гадзіну Ўладзімер Шанцаў і партыйны добраахвотнік абышлі некалькі дзясяткаў пакояў у інтэрнаце, заселеным пераважна звычайнымі рабочымі.

Ня трэба нам такіх дэпутатаў нам патрэбныя законы, якія выконваюцца

​​

«Ня трэба нам такі ўрад і такія дэпутаты, — абуралася адна з падпісантак у інтэрнаце. — Нам патрэбныя законы, якія мусяць выконвацца. Калі выдалі такі Дэкрэт, то забясьпечце спачатку працаю, а потым змагайцеся з дармаедамі. Людзі не працуюць не таму, што ня хочуць, а таму, што няма працоўных месцаў».

Паводле партыйцаў іхная задача сабраць сто пяцьдзесят подпісаў, каб распачаць працэдуру адкліканьня дэпутата. Сабраныя подпісы будуць перададзеныя старшыні Магілёўскага гарсавету. Той мусіць прыняць рашэньне аб правядзеньні арганізацыйнага сходу па пытаньні адкліканьня дэпутата палаты прадстаўнікоў.

«Сход і мусіць вырашыць дэпутацкі лёс Старавойтава», — заўважае Шанцаў.

XS
SM
MD
LG