Вядомы брытанскі журналіст і пісьменьнік Тымаці Гартан Эш заяўляе, што калі б яго «замарозілі» ў студзені 2005 году, калі ідэя аб’яднанай Эўропы дасягнула сваёй вяршыні пашырэньнем Эўразьвязу на былыя камуністычныя краіны, і «размарозілі» ў студзені 2017, ён бы адразу памёр ад шоку, выкліканага паўсюдна відавочнымі прыкметамі распаду эўрапейскай еднасьці.
У тэксьце, азагалоўленым «Ці распадаецца Эўропа?» і апублікаваным у найноўшым выданьні The New York Review of Books, Гартан Эш разглядае паўтузіна сьвежых паліталягічных кніг, аўтары якіх спрабуюць акрэсьліць прычыны таго, чаму сёньня ў шэрагу эўрапейскіх краінаў голас атрымалі ці атрымліваюць сілы, якія выступаюць супраць Эўразьвязу ў прыватнасьці і палітычнага лібэралізму ў цэлым.
Прычыны цяперашняга трыюмфу кансэрватыўных, папулісцкіх і антыэўрапейскіх палітычных сілаў у некаторых эўрапейскіх краінах Гартан Эш тлумачыць на прыкладзе сытуацыі з палітычна-эканамічнай трансфармацыяй Польшчы пасьля 1989 году:
«Пост-дысыдэнцкія і рэфармісцкія эліты, у тым ліку і тыя, якія прыйшлі зь лягеру дэмакратычных левых, пайшлі занадта далёка ў ажыцьцяўленьні радыкальнай (нэа-)лібэральнай эканамічнай трансфармацыі. Прывядзем прыклад вэтэрана польскага дысыдэнцкага руху Яцэка Кураня... які ў апошнія гады свайго жыцьця горка пашкадаваў, што ў часы свайго міністэрства ва ўрадзе Мазавецкага так моцна падтрымліваў эканамічны лібэралізм, які меў такія балючыя сацыяльныя наступствы, не ў апошнюю чаргу для многіх работнікаў, якія былі фундамэнтам Салідарнасьці. Адам Міхнік, галоўны рэдактар уплывовай Gazety Wyborczej на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, красамоўна заўважыў, што «маё сэрца знаходзіцца зьлева, але мой кашалёк справа».
«Прынамсі гарадзкая, лібэральная інтэлігенцыя ў Польшчы магла б знайсьці лепшую публічную мову, каб паказаць, што яна клапоціцца пра тых, хто плаціць найбольшую цану трансфармацыі. Яна магла б зрабіць больш, каб дапамагчы работнікам, якія страцілі свае працоўныя месцы ў буйных дзяржаўных прадпрыемствах, каб тыя маглі знайсьці новую, дастойную працу, і яна магла б праводзіць больш актыўную сацыяльную палітыку, наколькі бюджэт ёй дазваляў.
Таму што «сэрца зьлева» было ледзь бачнае для мільёнаў палякаў у маленькіх гарадах і бедных рэгіёнах «Польшчы Б», якія адчулі сябе на ўзбочыне жыцьця, сьпіхнутыя бульдозэрам эканамічнага лібэралізму. Іх таксама, што важна адзначыць, адштурхнуў сацыяльны лібэралізм у такіх пытаньнях, як аборты, гендэр, сэксуальная арыентацыя, якія прыйшлі разам з адкрытасьцю на Заходнюю Эўропу. Гэта якраз той асноўны электарат, на плячах якога папулісты «Права і справядлівасьці» прыйшлі да ўлады ў 2015 годзе, прапаноўваючы спалучэньне нацыяналістычнай, каталіцкай ідэалёгіі, характэрнай для правых, са шчодрымі абяцаньнямі сацыяльнай дапамогі і дзяржаўнага ўмяшаньня ў эканоміку, якія гістарычна больш тыповыя для левых. Карацей кажучы, рэакцыя супраць наступстваў эканамічнага і сацыяльнага лібэралізму цяпер пагражае дасягненьням палітычнага лібэралізму».
Тымаці Гартан Эш нагадвае, што сёлета адбудуцца тры важныя выбарчыя кампаніі, якія могуць паглыбіць тэндэнцыю разьяднаньня Эўропы: парлямэнцкія выбары ў Нідэрляндах, у якіх папулісцкая «Партыя Свабоды» Герта Вільдэрса можа стаць адной з галоўных палітычных сілаў у краіне; прэзыдэнцкія выбары ў Францыі (якія ўжо атрымалі мянушку «Сталінград Эўропы»), дзе ультраправая і нацыяналістычная Марын Лё Пэн амаль напэўна выйдзе ў другі тур; парлямэнцкія выбары ў Нямеччыне, якія будуць сур’ёзным выпрабаваньнем для праэўрапейскай і лібэральнай палітыкі Ангелы Мэркель.