Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве жыхары інтэрнату ня хочуць аплочваць камунальныя паслугі, лічаць, што іх падманваюць


Будынак інтэрнату, у якім адмаўляюцца плаціць камуналку
Будынак інтэрнату, у якім адмаўляюцца плаціць камуналку

Жыхары аднаго з інтэрнатаў Магілёва адмаўляюцца аплочваць камунальныя паслугі, вінавацячы ўладальніка ў беспадстаўным завышэньні тарыфаў. Людзі патрабуюць стварэньня камісіі для пераразьліку. «Неабгрунтаванае» павышэньне цэнаў яны называюць махінацыямі.

Жыхары зьвярнуліся ў пракуратуру, бо ўгледзелі ў дзеяньнях уладальніка інтэрнату парушэньне закону. Яны настойваюць, што рэгулярна сутыкаюцца з завышэньнем цэнаў на камунальныя паслугі, пры гэтым ім ніхто не тлумачыць, чым выкліканае такое павышэньне. Акрамя пракуратуры, скаргу даслалі і ў гарвыканкам.

Квіткі на аплату камунальных паслуг за лістапад жыхары інтэрнату атрымалі з затрымкаю, акурат напярэдадні каталіцкіх Калядаў. У параўнаньні з кастрычнікам кошт паслуг узьляцеў амаль удвая.

«За адзін пакой мы мусім заплаціць 32 рублі 40 капеек. Апошні ж раз мы плацілі 17 рублёў 63 капейкі. У пакоях няма лічыльнікаў, а стаіць толькі адзін, агульны на ўвесь інтэрнат. Зь яго і здымаюцца паказаньні», — апавядаў пра сытуацыю жыхар інтэрнату Алег Аксёнаў.

Жыхар інтэрнату Алег Аксёнаў
Жыхар інтэрнату Алег Аксёнаў

Інтэрнат, у якім адмаўляюцца плаціць камунальныя паслугі, разьмешчаны ў тыпавым панэльным дзевяціпавярховіку на вуліцы Крупскай. Побач такія ж інтэрнаты. У доме жыве пад дзьве сотні сямей. Кухня агульная з электрычнымі плітамі. Некалі ён належаў заводу «Магілёўтрансмаш», які колькі гадоў таму быў перададзены гораду. Цяпер інтэрнат на балянсе ЖРЭУ Ленінскага раёну.

«Перарасход электраэнэргіі, як вынікае з разьлікаў ЖЭУ, прыпадае на нашы электрапліты. За месяц „наматала“ дужа шмат. Праз гэта і адбылося павышэньне ўсёй квартплаты. Але мы ня верым у тое, што кажуць камунальнікі. Такі перарасход за адзін месяц нерэальны», — абураецца жыхарка інтэрнату.

«Цягам году 2-3 разы здараецца такі рост спажываньня намі электраэнэргіі, — дадае яшчэ адзін жыхар. — Ні па вадзе, ні па чым-небудзь іншым, толькі па электраэнэргіі. Пасьля нашых скаргаў спажываньне дзіўным чынам меншае. Але раней ніколі не было такога, каб спажываньне электраэнэргіі адразу вырасла амаль удвая. Гэта нейкая дзіўная сытуацыя».

Паводле Аксёнава, якому жыхары інтэрнату даручылі прадстаўляць іхныя інтарэсы ў дачыненьнях з уладамі, камунальнікі на словах абяцалі зрабіць пераразьлік. Пазьней, кажа ён, ужо саміх жыхароў вінавацілі ў тым, што яны ўключалі абагравальнікі і так «накруцілі электраэнэргіі».

«Але ж патрэбы ў абагравальніках не было, бо надвор’е было даволі цёплым. Адкуль жа тады рост спажываньня электрычнасьці?» — ставіць пытаньне жыхар інтэрнату.

Квіток з сумай аплаты за лістапад
Квіток з сумай аплаты за лістапад

Квіток з сумай аплаты за кастрычнік
Квіток з сумай аплаты за кастрычнік

Не атрымаўшы адказаў ад камунальнікаў, жыхары паскардзіліся ў гарвыканкам і гарадзкую пракуратуру. Зварот да органаў улады быў пакінуты ў фае інтэрнату і за дзьве гадзіны свае подпісы пад ім пакінулі пяцьдзесят чалавек.

У звароце жыхары просяць разабрацца ў сытуацыі і пакараць вінаватых. Яны чакаюць стварэньня камісіі, якая мае працаваць пад кантролем жыхароў інтэрнату.

«Ніякіх афіцыйных паведамленьняў пра павышэньне тарыфаў па аплаце камунальных паслуг не паступала, — пішуць у сваёй скарзе жыхары інтэрнату. — Спроба атрымаць пераканаўчае тлумачэньне ад начальніка ЖЭУ не дала вынікаў. Лічым значнае павышэньне аб’ёму нібыта спажыванай электраэнэргіі не абгрунтаваным. Паколькі падобныя махінацыі ўжо былі, то аплачваць паслугі ня будзем да завяршэньня разбору».

Пракуратура з адказам ня стала марудзіць і лістом паведаміла скаржнікам, што іхны зварот перасланы ў гарвыканкам.

«Наглядны орган самаўхіліўся ад высьвятленьня абставінаў парушэньня закону. Ад гэтага органа мы будзем дамагацца адказу па сутнасьці пастаўленага пытаньня. Адпіскай не задаволімся», — адрэагавалі на адказ пракуратуры жыхары інтэрнату.

Тым ня меней жыхары ўсьцешаныя, што кіраўніцтву гарвыканкаму давядзецца адказваць ня толькі на іхныя прэтэнзіі, але яшчэ і тлумачыць сытуацыю гарадзкой пракуратуры.

У ЖЭУ № 9, якое абслугоўвае інтэрнат, паведамілі, што з аплатай за спажываньне электрычнасьці разьбіраюцца.

Самі жыхары інтэрнату мусяць кантраляваць зьняцьце паказаньняў спажыванай электраэнэргіі зь лічыльніка, раіць Рыгор Кастусёў, які шэсьць гадоў адпрацаваў начальнікам Шклоўскай камунальнай гаспадаркі і працягвае сачыць за тым, што адбываецца ў камунальнай галіне Беларусі.

На ягоную думку, інтэрнацкая грамада мае вылучыць чалавека, які б меў ад яе паўнамоцтвы фіксаваць паказаньні, як здымаюцца камунальнікамі зь лічыльнікаў.

«Калі такога кантролю ня будзе, то камунальнікі могуць злоўжываць сытуацыяй і сьпісваць электраэнэргію на іншыя свае патрэбы. І тое, што спажываюць там, будуць аплочваць жыхары інтэрнату. Таму варта дэталёва разьбірацца ў сытуацыі. Але без грамадзкага кантролю такія махінацыі, ўпэўнены, будуць працягвацца», — выказаў свой пагляд на праблему Кастусёў.

Адзін з падпісных лістоў са зваротам у пракуратуру і гарвыканкам
Адзін з падпісных лістоў са зваротам у пракуратуру і гарвыканкам

«Практыка злоўжываньняў характэрная для ўсёй сыстэмы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі. Такія выпадкі здараюцца ў многіх гарадах краіны, — кажа Кастусёў. — Неяк мне давялося сутыкнуцца з сытуацыяй, калі людзям выставілі аплату за асьвятленьне агульных месцаў карыстаньня большую, чым у кватэрах. Калі пачалі разьбірацца, то высьветлілася, што да сыстэмы асьвятленьня быў падключаны дом, які рамантаваўся. Людзям удалося абараніцца».

Тым часам жыхары інтэрнату выказваюць асьцярогу, што калі пераразьлік зацягнецца, то ўбачыць, наколькі «падкруцілі ім электрычнасьці», у сьвятле павышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі ня ўдасца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG