Прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіць з разьвітальнай прамовай у Чыкага 10 студзеня. У заяве Абамы, апублікаванай у панядзелак 2 студзеня, паведамляецца, што падчас выступу ён закране такія тэмы, як вынікі праўленьня ягонай адміністрацыі, і падзякуе сваім прыхільнікам за падтрымку.
Нагадаўшы, што першы прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Вашынгтон, які паклаў пачатак традыцыі разьвітальных прэзыдэнцкіх выступленьняў, напісаў свой разьвітальны зварот у 1796 годзе, Барак Абама паведаміў, што мае намер выступіць з разьвітальнай прамовай у сваім родным горадзе — Чыкага.
«Я думаю пра выступ як пра магчымасьць сказаць дзякуй за гэтае дзіўнае падарожжа, як пра магчымасьць адзначыць тое, як вы зьмянілі гэтую краіну да лепшага за гэтыя апошнія восем гадоў, і выказаць некаторыя свае думкі пра тое, у якім кірунку ўсе мы будзем рухацца далей», — сказаў Абама.
Прэзыдэнт-рэспубліканец Дональд Трамп зойме пасаду 20 студзеня. У ходзе перадвыбарчай кампаніі ён паабяцаў адмяніць многія з ключавых захадаў адміністрацыі Абамы, уключаючы рэформу аховы здароўя.
Прэзыдэнт Абама, які з энтузіязмам выступаў у падтрымку суперніцы Трампа, дэмакраткі Гілары Клінтан, імкнецца да мяккай перадачы ўлады выбранаму прэзыдэнту, нягледзячы на глыбокія палітычныя рознагалосьсі. Пасьля таго, як Абама пакіне Белы дом, Дэмакратычная партыя застанецца безь яўнага лідэра.
«З 2009 году мы прайшлі праз сваю немалую долю выпрабаваньняў і выйшлі зь іх больш моцнымі», — падкрэсьліў Абама ў электронным лісьце. Верагодна, менавіта гэтая тэма стане галоўнай у яго разьвітальнай прамове.
«Мы змаглі гэта зрабіць таму, што ніколі не пераставалі верыць у адзін з нашых галоўных прынцыпаў, завешчаных нам бацькамі-заснавальнікамі: разам мы можам зьмяніць нашу краіну да лепшага», — сказаў на заканчэньне прэзыдэнт.
Другога студзеня прэзыдэнт Абама вярнуўся ў Вашынгтон са штогадовага каляднага адпачынку на Гаваях, дзе ён нарадзіўся і правёў большую частку маладосьці.
Паводле памочнікаў прэзыдэнта, на працягу апошніх двух з паловай тыдняў свайго знаходжаньня ў Белым доме Абама, хутчэй за ўсё, аб’явіць пра памілаваньне шэрагу асуджаных за гандаль наркотыкамі асобаў, якім, на ягоную думку, вынесеныя занадта суровыя прысуды, і, магчыма, выдасьць новыя ўказы, закліканыя абараніць дасягненьні свой адміністрацыі, супраць якіх выступае Трамп.
Імкненьне да мяккай перадачы ўлады, сьведчаньнем якога сталі сустрэчы і тэлефонныя размовы Барака Абамы з Дональдам Трампам, Абама разам з тым распачаў шэраг крокаў, якія выклікалі незадаволенасьць у будучага лідэра краіны — так, ён выдаў новыя ўказы аб забароне на здабычу нафты ў прыбярэжных водах ЗША, папоўніў сьпіс нацыянальных паркаў і паменшыў лік зьняволеных у турме Гуантанама на Кубе, дзе ўтрымліваюцца падазраваныя ў тэрарызьме.
Акрамя таго, Абама ўпершыню даручыў амбасадару ЗША ў ААН дапусьціць ухваленьне рэзалюцыі Рады Бясьпекі, якая крытыкуе стварэньне ізраільскіх паселішчаў на Заходнім беразе і ва Ўсходнім Ерусаліме. Прэзыдэнт таксама ўвёў новыя санкцыі ў дачыненьні Расеі з прычыны ўмяшаньня расейскіх хакераў у ход перадвыбарнай кампаніі ў ЗША. Абедзьве меры знаходзяцца ў супярэчнасьці з плянамі, пра якія аб’явіў Трамп.
У сераду прэзыдэнт Абама сустрэнецца з кангрэсмэнамі-дэмакратамі з мэтай распрацоўкі стратэгіі абароны ягоных галоўных дасягненьняў у сфэры ўнутранай палітыкі — у прыватнасьці, рэформы аховы здароўя, якую Трамп і рэспубліканскія заканадаўцы абяцалі хутка адмяніць, нягледзячы на тое, што ім яшчэ трэба будзе прыйсьці да згоды ў пытаньні аб тым, чым менавіта яны маюць намер яе замяніць.
Стаўшы прыватнымі асобамі, прэзыдэнт Абама і першая лэдзі Мішэль Абама пераедуць з Белага дома ў новую рэзыдэнцыю непадалёк. Сям’я мае намер застацца ў Вашынгтоне, пакуль малодшая дачка Саша не закончыць школу ў 2019 годзе. Барак Абама стане першым прэзыдэнтам амаль за сто гадоў, які застанецца ў Вашынгтоне пасьля сыходу са сваёй пасады.