Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску забаранілі прыватных Дзядоў Маразоў


Рэжысэрка тэатру «Залюстроўе» Кацярына Гавура расказала Свабодзе, што прыватныя тэатральныя калектывы ў Менску (у тым ліку тыя, якія іграюць навагоднія спэктаклі для дзяцей у школах і дзіцячых садках) апынуліся пад неафіцынай забаронай.

«У Менску ёсьць дастаткова шмат прыватных тэатральных калектываў, якія працуюць ва адукацыйных установах — школах, дзіцячых садках — і паказваюць там спэктаклі. Усё гэта працавала з 1970-х гадоў, і ўсіх усё задавальняла. Лептась камітэт адукацыі сказаў, што трэба заключаць дамовы, каб мы аплочвалі арэнду памяшканьня і камунальныя выдаткі. Усё было добра, мы працавалі, заключалі дамовы з кожным упраўленьнем адукацыі. Але зь нядаўняга часу прыватныя калектывы фактычна апынуліся пад забаронай», — кажа рэжысэрка.

Паводле слоў Кацярыны, спэктаклі прыватных калектываў заўсёды мелі вялікую папулярнасьць сярод дзяцей і іх бацькоў — квіткі каштавалі вельмі танна, а ў спэктаклях прымалі ўдзел прафэсіяналы. «Шмат у якіх калектывах працуюць прафэсійныя акторы. У сваіх тэатрах яны атрымліваюць 200 рублёў і ня могуць за гэта пражыць, таму многія маладыя хлопцы ідуць на такія падпрацоўкі ў прыватныя тэатры», — тлумачыць яна.

Усе прыватныя тэатральныя калектывы аформлена афіцыйна — або як індывідуальныя прадпрымальнікі, або ў якасьці прыватных унітарных прадпрыемстваў.

«Але камітэт адукацыі вырашыў, што прыватныя тэатры ў дзіцячыя садкі пускаць нельга. Пры гэтым ніякіх пісьмовых указаньняў на гэты конт няма — гэта вуснае распараджэньне старшыні камітэту адукацыі Міхаіла Мірончыка. Мы накіроўвалі адпаведныя звароты — нам адказвалі адпіскамі (маўляў, кожная ўстанова сама вырашае, прымаць вас ці не). Але на ўсіх сходах кажуць, запрашаць прыватныя тэатры нельга. Цяпер надыходзіць Новы год, а працаваць немагчыма — Дзяды Маразы могуць быць або зь ліку выхавальнікаў, або зь ліку бацькоў. Нават у нас ёсьць выпадкі, калі падпісаны дакумэнт (дамова з упраўленьнем адукацыі. — РС), які дазваляе нам праводзіць спэктаклі, але загадчыца неафіцыйна кажа, што ім забаронена нас пускаць», — распавядае Кацярына.

Паводле яе словаў прыватных тэатральных калектываў у Менску каля стоні, у кожным каля 10 артыстаў.

Намесьніца начальніка ў выхаваўчай і ідэалягічнай рабоце камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Надзея Вялікая пацьвердзіла Свабодзе, што выступы прыватных тэатральных калектываў у дзіцячых садках сапраўды забароненыя:

«Дзіцячыя садкі працуюць паводле праграмы, створанай на падставе Кодэксу аб адукацыі. У адпаведнасьці з праграмай, толькі самі ўстановы маюць права праводзіць навагоднія ды іншыя мерапрыемствы забаўляльнага характару. А прыватныя тэатральныя калектывы ня маюць права іх весьці, таму што яны ня маюць права арганізоўваць дадатковую адукацыю ў дзіцячых садках».

Надзея Вялікая патлумачыла, што калі сам садок ня ў стане арганізаваць, скажам, навагодняе сьвята, яму на дапамогу могуць прыйсьці:

«У нас ёсьць упраўленьне адукацыі і 12 шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі, дзе працуюць спэцыялісты з рэжысэрскай, акторскай і пэдагагічнай адукацыяй. І сёньня яны гатовыя паказваць спэктаклі, а таксама рабіць для дзіцячых садкоў ранішнікі. Зразумела, што ў прыватных тэатральных калектывах таксама працуюць адукаваныя і таленавітыя акторы і рэжысэры, але мы зыходзім з таго, што толькі дзяржаўныя ўстановы дадатковай адукацыі гарантуюць якасныя ранішнікі, якія будуць адпавядаць Кодэксу аб адукацыі Рэспублікі Беларусь».

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG