Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў за тое, каб істотна пашырыць ядзерны арсэнал краіны. Адпаведнае паведамленьне Трамп апублікаваў у сваім «Твітэры», паведамляе Бі-Бі-Сі.
«ЗША павінны істотна нарошчваць і разьвіваць сваю ядзерную моц да таго часу, пакуль сьвет не пачне цьвяроза ацэньваць ядзерную зброю», — напісаў абраны прэзыдэнт, не патлумачыўшы, што менавіта мае на ўвазе пад «цьвярозай ацэнкай» ядзернай зброі.
Карыстальнікі «Твітэру» хутчэй нэгатыўна адрэагавалі на гэтую заяву, напісаўшы ў камэнтарах, што пашырэньне ядзернага арсэналу можа быць небясьпечным, а сама ідэя рабіць гэта дзеля барацьбы за мір абсурдная.
За мадэрнізацыю ядзернага арсэналу ЗША яшчэ ў пачатку году выступаў дзейны прэыдэнт ЗША Барак Абама. Ён прапаноўваў выдаткаваць каля трыльёна даляраў за 30 гадоў на поўнае абнаўленьне сродкаў ядзернага стрымліваньня.
Трамп яшчэ падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі казаў, што лічыць расейскі ядзерны арсэнал больш дасканалым, чым амэрыканскі. Акрамя таго, ён не выключаў магчымасьці рэальнага ўжыцьця ядзернай зброі, чым напалохаў многіх выбаршчыкаў.