Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд папярэдзіў за бел-чырвона-белы сьцяг Хрыстафора Жаляпава


Хрыстафор Жаляпаў
Хрыстафор Жаляпаў

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы, распачатай супраць сябра рады руху «За свабоду» і сойму Партыі БНФ Хрыстафора Жаляпава. Справу разьбіраў судзьдзя Ўладзімер Царыкаў.

Падзеі, з прычыны якіх супрацоўнік Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Сяргей Вяракса распачаў справу супраць віцебскага актывіста, адбыліся 26 лістапада. На 86-ю гадавіну народзінаў Уладзімера Караткевіча група віцяблян прыйшла да помніка славутаму земляку. Гэта традыцыйная штогадовая завядзёнка — адзначаць дзень народзінаў клясыка беларускай літаратуры ўскладаньнем кветак і чытаньнем вершаў. Хрыстафор Жаляпаў, ідучы да помніка ад сваёй машыны, разгарнуў нацыянальны сьцяг.

У пратаколе, складзеным на актывіста, было напісана, што тым самым ён парушыў парадак правядзеньня масавых акцыяў. Складальніка пратаколу, міліцыянта Сяргея Вяраксу, выклікалі ў суд сьведкам. Ён паказаў, што сачыў за падзеямі каля помніка, седзячы ў аўтамабілі. І што ў ягоныя пляны не ўваходзіла падыйсьці да людзей, папярэдзіць пра недапушчальнасьць іхніх дзеяньняў ды пра верагодную адміністрацыйную адказнасьць.

Да слова, адміністрацыйная справа была распачатая толькі супраць аднаго чалавека — Хрыстафора Жаляпава. Рыхтуючыся да судовага разбору, ён запрасіў у сьведкі яшчэ некалькі чалавек, якія былі зь ім каля помніка Караткевічу 26 лістапада. У тым ліку актывістку аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Алену Шабуню.

Яна засьведчыла, што нічога такога, што падпадае пад вызначэньне «акцыя», каля помніка не было й блізка:

«Людзі прыйшлі хто з кветкамі, хто проста так. А самым першым, падобна, на месца прыбыў міліцыянт Вяракса. Я ў яго й спытала: „Дык, можа, вы і ёсьць арганізатар нейкай акцыі? Чагосьці прыехалі да помніка, чакалі... Чаму ня выйшлі да людзей, не папярэдзілі, калі заўважылі нібыта правапарушэньне?“ На гэтае пытаньне супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС так нічога й не адказаў. Падобна, ён знарок чакаў у машыне чагосьці надзвычайнага — ня толькі чытаньня вершаў, а нейкіх выступаў, заклікаў ці нечага падобнага. А не дачакаўшыся, вырашыў прычапіцца хаця б да сьцяга».

Хрыстафор Жаляпаў каля суду
Хрыстафор Жаляпаў каля суду

На думку самога Хрыстафора Жаляпава, распачатая супраць яго справа не адміністрацыйная, а палітычная:

«Я сказаў суду, што каля помніка Караткевічу не было ні пікету, ні мітынгу, ні сходу — нічога такога, што ў заканадаўстве вызначана як „масавае мерапрыемства“. Значыць, судзяць мяне не за гэта, а за нацыянальны сьцяг. Выглядае менавіта так. Хоць бел-чырвона-белы сьцяг не забаронены, і ўвогуле — якіх толькі сьцягоў і сьцяжкоў у Віцебску не сустрэнеш! Але ж ня судзяць ні за расейскія трыкалёры ў аўто, ні за былыя савецкія сьцягі, ні за сьцягі розных іншых колераў — апроч бел-чырвона-белага!»

Аднак судзьдзя Ўладзімер Царыкаў не прыняў такой аргумэнтацыі. Ён усё адно прызнаў, што Хрыстафор Жаляпаў парушыў заканадаўства — артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Праўда, вынес мінімальнае пакараньне, прадугледжанае гэтым артыкулам — адміністрацыйнае папярэджаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG