Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Божа, што мы нарабілі, мы палісмэнаў расстралялі!» – сьведка перастрэлкі пад Кіевам


Пад Кіевам пахавалі дваіх супрацоўнікаў службы Дзяржаховы, якія загінулі ў перастрэлцы са сваімі калегамі-паліцыянтамі ў вёсцы Князевічы. Усяго 4 сьнежня загінулі пяцёра сілавікоў.

Пад Кіевам пахавалі дваіх супрацоўнікаў службы Дзяржаховы, якія загінулі ў перастрэлцы са сваімі калегамі-паліцыянтамі ў вёсцы Князевічы. Усяго 4 сьнежня загінулі пяцёра сілавікоў.

Што гэта: халатнасьць камандзіраў падразьдзяленьняў, адсутнасьць каардынацыі або гаворку трэба весьці пра новую справу «пярэваратняў у пагонах», — задае пытаньне карэспандэнтка Свабоды ў Кіеве Юлія Горычава. Яна пабывала на пахаваньні і паразмаўляла з чалавекам, які падчас перастрэлкі цудам застаўся жывы — ён сядзеў за рулём аўтамабіля аховы.

— Вам сказалі, што там праводзяць спэцапэрацыю?

— Не, ніхто не сказаў. Мы нічога ня ведалі, — кажа Валянцін, адзін з тых, каму пашанцавала выжыць падчас перастрэлкі.

Валянцін — кіроўца дзяржаховы. 6 сьнежня прыйшоў разьвітацца з калегамі. З 25-гадовым Сяргеем Арловым і 24-гадовым Яўгенам Курцевым разьвітваліся ў іх родным упраўленьні паліцыі.

Убачыўшы сьлёзы сваякоў, насуперак загаду маўчаць, Валянцін вырашае расказаць журналістам як усё адбылося. Кажа: яны прыехалі праверыць дом, у якім спрацавала сыгналізацыя. Памяшканьне ўжо ўскрылі і па сьлядах на сьнезе дзяржахова дагнала двух мужчын.

«Я спытаў у аднаго зь іх: хто ты такі? А ён мне: якая розьніца, хто я такі. Я намацаў у яго дакумэнты, там выцягнулі ў візытніцы правы на імя Рудзько і пропуск у наш шпіталь МУС. Я адразу падумаў, што чалавек проста добра ведае сыгналізацыю і вырашыў падпрацаваць, так бы мовіць, на выходных. І ўсё, Сяргей пасадзіў яго да нас у машыну і там ужо лічаныя сэкунды», — распавёў кіроўца Ўпраўленьня паліцыі аховы Ўкраіны Валянцін.

Празь некалькі сэкунд да месца падзеі, кажа, прыехала падмога затрыманых і без разьбіральніцтва — яны адкрылі агонь па аўтамабілі дзяржаховы.

— А вы казалі, што вы ахова?

— Я ня ведаю, мы не пасьпелі нічога сказаць, яны выскачылі, тры сэкунды і пачалі страляць, я ж думаў, ён убачыць, хто мы і разьбярэмся. А тут адразу страляніна і ўсё, ледзьве пасьпелі ўцячы.
Першымі стралялі работнікі КОРДу. Першымі стралялі, гэта сто адсоткаў. Гэта ў двух мэтрах ад мяне адбывалася, — кажа Валянцін.

Прадстаўнікоў спэцпадразьдзяленьня КОРД, якія нібы праводзілі спэцаперацыю і прынялі дзяржахову за рабаўнікоў, на пахаваньні не было. Даведацца іх пункт гледжаньня не атрымалася. Забітых з падразьдзяленьня сёньня не хавалі: родным да гэтага часу не аддалі целы, праводзяць экспэртызу.

Валянцін кажа: пасьля перастрэлкі яшчэ чацьвярых зь дзяржаховы паклалі на зямлю паклалі і ўсё ж праверылі дакумэнты — постфактум: «Праверылі пасьведчаньні — так, сапраўды пераканаліся ў тым, што мы супрацоўнікі службы аховы. Правяральнік крыкнуў: «Мужыкі, гэта ахова!» І праз 5-6 сэкунд я чую ад іх: «Божа, што мы нарабілі, мы палісмэнаў расстралялі! Гэта я ляжаў на зямлі і чуў».

На пытаньне, ці сапраўды спэцслужбы не разабраліся, адказаў: «Понабралі прыдуркаў туды за месяц, блін. Спэцпадразьдзел зь іх зрабілі, блін».

У паліцыянтаў выпусьцілі каля трыццаці куляў, распавядаюць калегі. Кажуць, забітыя супрацоўнікі дзяржаховы 5 гадоў працавалі на гэтай пасадзе і раней ужо сутыкаліся з калегамі падчас выклікаў:

«Былі нават сытуацыі, калі супрацоўнікі органаў былі без апазнавальных знакаў на вопратцы. Але сканчалася ўсе простымі воклічамі: „Стаяць, міліцыя!“, — яны ў адказ паказалі пасьведчаньні адзін аднаму, пасьвяцілі ліхтарыкамі. Зброя на засьцерагальнікі — і ўсё. Стаім, курым. Выдыхаем. Ніколі, ні разу ў жыцьці не даходзіла да страляніны», — кажа інспэктар Броварскага ўпраўленьня паліцыі Яўген Паланчук.

Што ж здарылася 4 сьнежня на самай справе — ні МУС, ні Генэральная пракуратура пакуль не тлумачаць.

Сухія факты: 5 забітых у пасёлку Князевічы пад Кіевам. Усе — супрацоўнікі паліцыі розных падразьдзяленьняў. Пры адсутнасьці афіцыйных вэрсій, сваякі забітых падазраюць, што вэрсія аб правядзеньні спэцапэрацыі — толькі прыкрыцьцё.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG