Абраны прэзыдэнтам ЗША Дональд Трамп пагадзіўся заплаціць 25 млн даляраў, каб улагодзіць судовыя спрэчкі, зьвязаныя зь дзейнасьцю Ўнівэрсытэту Трампа.
Пра гэта паведамляе BBC са спасылкай на генэральнага пракурора Нью-Ёрку.
Трое былых студэнтаў гэтай навучальнай установы ў Каліфорніі і Нью-Ёрку падалі пазовы супраць Трампа, абвінаваціўшы яго ў махлярстве.
Паводле іх словаў, яны заплацілі па 35 тысяч даляраў за курсы лекцый аб «сакрэтах у сфэры нерухомасьці» ад «высакаклясных выкладчыкаў».
Суд па адной са справаў павінен быў пачацца 28 лістапада ў Сан-Дыега, нягледзячы на намаганьні адвакатаў Трампа ўрэгуляваць справу ў дасудовым парадку.
«Ахвяры Ўнівэрсытэту Трампа чакалі сёньняшняга выніку гадамі, і я рады, што іх цярпеньне і настойлівасьць будуць узнагароджаныя гэтым пагадненьнем пра выплату 25 млн даляраў», — заявіў генэральны пракурор Нью-Ёрку Эрык Шнайдэрман.
Раней Шнайдэрман назваў працу Ўнівэрсытэту Трампа «махлярствам ад пачатку да канца», дадаўшы, што навучальная ўстанова раскідвалася пустымі абяцаньнямі, каб зарабіць на людзях.