Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пякельныя нажніцы беларускага фэмінізму


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Сьвятлана Алексіевіч зрабіла першы ўнёсак за кватэру для сямʼі з 6 дзецьмі. Што вы на тое? Чалавек зрабіў добрую справу, вось і ўсё. Аказваецца, можна на гэта глядзець і па-іншаму.

Большасьць камэнтатараў у сеціве віталі ўчынак пісьменьніцы, дзякавалі і віншавалі. Тут усё зразумела. Але хапае і іншага кшталту людзей, пераважна, чамусьці, жанчын.

Калі дапамагае Алексіевіч, значыць, не дапамагае дзяржава. І вось тут пачынаецца – а чаго гэта дзяржава павінна ім дапамагаць? А чаму ня мне? А калі ня мне, дык і ня ім! Хто яны такія?!

Некаторыя камэнтары – як маналёгі з кніг самой Алексіевіч. Я шукаў крытэр, якім апісваецца стан гэтых людзей. Ёсьць крыўда, ёсьць зайздрасьць, але самае яскравае – хамства.

«Когда рожаешь, думать нужно», «не только ногі раздвігать», «детей наделал»…

У такіх выразах абмяркоўваць тэму каханьня, шчасьця, дзяцей проста не атрымаецца. Уражвае, што гэткі замшэлы погляд пераадолеў кампутарны бар’ер і прарваўся ў інтэрнэт. Вучыць жыць. Абураецца. Асабліва замілоўвае клопат пра дзяржаву.

«Вам государство не навязывала желание стать многодетными». «Я тоже не понимаю этих притензий к гос.органам....с какой стати?»

Папраўдзе – навязвала. Уся прапаганда і агітацыя ў Беларусі, ільготная палітыка, рэкляма «сацыяльнай дзяржавы» якраз заклікаюць да шматдзетнасьці. І гэта добра, бо большасьці ідзе на карысьць. Хоць выжывае большасьць шматдзетных усё ж сваімі сіламі. А здараюцца і выпадкі, калі «госорганы» ідуць вайной на шматдзетную сям’ю, якая ў Беларусі ад гэтых самых «госорганаў» найменш абароненая.

«Чаму вы думаете что нехта працуе, платить налоги, а вам за гэтыя налоги абавязаны выдать кватэру?». «Им дадуть кватэру задарма! але за гэтую кватэру заплатили людзи, якия дзень и ночь робяць и платять налоги». «Кому в радость много детей, пусть их и содержит, хватит по поводу и без лезть ко мне в карман!».

Пішуць гэта жанчыны, якія ад нараджэньня прынялі пастулят сваёй жаночай прыніжанасьці і паняволенасьці мужчынскім полам. Жанчыны, якія проста не навучаныя цаніць сябе і сваю працу, быць унутрана свабоднымі, гэта значыць несьці непадзельную адказнасьць за сябе і блізкіх. Жанчыны, якія проста не ўсьведамляюць, што роля маці ў шматдзетнай сям’і – нічым ня менш праца, чым любы іншы складаны і цяжкі занятак. Як казала адна сьвякруха на нявестку – «Бач ты, узяла дзіцё на рукі, ужо яна занятая».

Зразумела, што падаткаў са свае працы маці ня плаціць, бо не атрымлівае заробку. Бо яе працу дзяржава працай ня лічыць. Пры гэтым дзяржава вуснамі мадам Ярмошынай праклямуе: жанчына павінна варыць боршч. Вось вам пякельныя нажніцы беларускага фэмінізму.

Ня буду заклікаць жанчыну туды, адкуль яе Ярмошына адганяла да свайго ўлюбёнага баршчу, то бок, на дэманстрацыю. Але калі ўжо загаварылі пра падаткі, варта ўключыць у галаве інфаграфіку. У адным слупку – фатаграфіі катэджаў чыноўнікаў, у другім, паралельна – жыльлё шматдзетных сем’яў, тыя льготныя панэльныя трошкі-чацьвярошкі. А калі яшчэ ўключыць каліва дзяржаўнага мысьленьня, дык сама сабою зробіцца выснова пра карысьць для дзяржавы, краіны, будучыні гэтага самага чыноўніка, з аднаго боку, і шматдзетнай сям’і, з другога, – гатовай мікраграмады, дзе ў будучыню нацыі ўжо закладзеныя і працавітасьць, і сьціпласьць, і ўзаемадапамога. А ўсё, што мы ведаем пра чыноўнікаў у нашай інфармацыйна закрытай уладзе, – што яны час ад часу бяруць на лапу. Вось ён узяў мільён даляраў (акурат Нобэлеўская прэмія па літаратуры), яго пасадзілі, Лукашэнка сказаў – хай аддасьць у трохразовым памеры, той аддаў, яго выпусьцілі, яшчэ і працаўладкавалі.

Ёсьць фэномэн шматдзетнай сям’і. Яна трымаецца на любові і больш ні на чым. Адсутнасьць дзяржаўнае дапамогі не азначае, што шматдзетная сям’я рассыплецца, зьнікне-прападзе. На любові яна будзе жыць і ў зямлянцы. У беларусаў на тое багаты досьвед быў адразу пасьля вайны. Тады зь лясоў у спаленыя вёскі вярталіся тысячы шматдзетных сем’яў. Мала ў каго ў фаміліі такіх не было. І дапамагаць шматдзетным, насамрэч, крытычна для дзяржавы, а не для шматдзетных. Як пісаў адзін эканаміст, дзяржава – усяго толькі разьмеркавальнік чужога дабра. Наколькі справядлівы гэты разьмеркавальнік – заўсёды пытаньне.

Пра сям’ю Равенкаў Сьвятлана Алексіевіч даведалася з публікацыі Радыё Свабода. І менавіта журналісты Свабоды пераканалі пісьменьніцу зрабіць свой дар публічным. Кагосьці гэтая публічнасьць таксама раздражніла – піярыцца! Ёсьць і такая рэакцыя – мала. Сядзелі з калькулятарам – які гэта адсотак ад Нобэлеўскае прэміі.

Пра тое, што насамрэч Алексіевіч не дала, а ўзяла, узяла на сябе адказнасьць за гэтую шматдзетную сям’ю, ніхто не напісаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG