У Турэччыне затрыманы два сустаршыні апазыцыйнай пракурдзкай «Партыі дэмакратыі народаў» — Селахатын Дэмірташ і Фіген Юксекдаг.
Пра гэта ў пятніцу паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў краіны.
Дэмірташ быў затрыманы ў сябе дома ў горадзе Дыярбакыр на паўднёвым усходзе краіны. Юксекдаг — у Анкары. У іх дамах прайшлі ператрусы.
Акрамя таго, турэцкая паліцыя затрымала сама меней дзевяць іншых дэпутатаў ад «Партыі дэмакратыі народаў».
Паводле інфармацыі турэцкіх СМІ, апазыцыйныя палітыкі арыштаваныя ў рамках расьсьледаваньня справы, зьвязанай з прапагандай тэрарызму.
«Партыя дэмакратыі народаў» змагаецца за правы нацыянальных меншасьцяў у Турэччыне, асабліва курдаў. Турэцкія ўлады абвінавачваюць яе ў сувязях з забароненай у краіне «Працоўнай партыяй Курдыстану».