Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закладніцы: Як зь беларускіх актывістак робяць ненармальных і кепскіх маці


Наста Захарэвіч

У 2009 годзе актывісту Маладога Фронту Міхасю Ільіну прысудзілі 10 сутак за тое, што ён паставіў унітаз пад помнік Леніну і паклаў побач некалькі рулёнаў туалетнай паперы. Увечары ў дзень суду я прыйшла да яго дадому папрасіць у маці рэчаў, якія можна было б перадаць у ізалятар часовага ўтрыманьня. Правая рука ў яе была перавязаная шалікам — страшэнна балела з-за рэзка павялічанага ў дзяржаўнай установе аб’ёму працы. І я, і яна цудоўна разумелі, што зьмяненьне стаўленьня на працы — ніякае не супадзеньне.

Ціск на сваякоў палітычных актывістак і актывістаў — звычайная справа ў Беларусі

Ціск на сваякоў палітычных актывістак і актывістаў — звычайная справа ў Беларусі: мы звыклі да гэтай пашыранай адказнасьці і ўспрымаем яе ўжо ледзьве не як норму. Але няма нічога нармальнага ні ў ціску на саміх палітычна актыўных людзей, ні на іх сем’і. Тым ня менш, адвечнае супрацьпастаўленьне сацыяльнага і сямейнага жыцьця ўладамі ня толькі выкарыстоўваецца, але і культывуецца як натуральнае і нязьменнае. Нас нібыта прымушаюць абіраць — альбо сям’я, альбо сацыяльная і палітычная актыўнасьць.

Нядаўна лідэрка Міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш Дом» Вольга Карач выступіла на 65-й сэсіі Камітэту ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў стаўленьні да жанчын з заявай, у якой асобную ўвагу надала дыскрымінацыі сацыяльна і палітычна актыўных жанчын у Беларусі. Найпрасьцейшы спосаб ціску з боку ўладаў — гэта ціск празь дзяцей альбо пажылых бацькоў. І пакуль у рамках прынятых культурных нормаў галоўнай сфэрай дзейнасьці і клопату жанчыны будзе заставацца сям’я, гэты спосаб і надалей будзе працаваць найбольш эфэктыўна.

Вінаватая ў гэтым тэатры абсурду не сям’я, а сыстэма.

Рэч ня ў тым, што жанчыны павінны менш клапаціцца пра сям’ю, — мы не павінны станавіцца закладніцамі сваіх сем’яў. Яшчэ дакладней, дзяржава не павінна нас рабіць такімі закладніцамі. Бо вінаватая ў гэтым тэатры абсурду не сям’я, а сыстэма.

Прызнаньне сыстэмнага характару праблемы — важны і неабходны крок, бо змагацца на месцах з «асобна ўзятымі кепскімі людзьмі» можна бясконца, і гэта будзе мець не надта вялікі посьпех. Але змаганьне з вытокам праблемы — практычна неабмежаванай уладай прадстаўнікоў дзяржаўных структур — у пэрспэктыве мусіць даць куды большы эфэкт.

Афіцыйная пазыцыя беларускай дзяржавы — гэта «жанчына, якая адстойвае свае правы і супрацьстаіць сыстэме, не можа быць добрай маці».

Калі Маладэчанскія міліцыянты зьбівалі Алесю Садоўскую за тое, што яна настойвала на складаньні пратаколу аб крадзяжы тэлефона ў навагоднюю ноч, яны гэта рабілі проста таму што маглі. І таму што прагнулі гэтай вельмі небясьпечнай асалоды — асалоды фізычнай улады над іншым чалавекам. Калі Алесю накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу, дык гэтым казалі, што «нармальная жанчына» не стане змагацца з сыстэмай — ёй павінна быць не да таго. Калі ў яе адабралі дачку, то паказалі, што афіцыйная пазыцыя беларускай дзяржавы — гэта «жанчына, якая адстойвае свае правы і супрацьстаіць сыстэме, не можа быць добрай маці».

Калі сына Вольгі Карач спрабавалі прызнаць дзіцём, якое знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, то казалі, што бацькі неналежным чынам выконваюць свае абавязкі, а фактычным выхаваньнем хлопчыка займаецца бабуля. Але зь вялікай доляй упэўненасьці можна сьцьвярджаць, што сапраўднай прычынай такой увагі да гэтай сям’і стала палітычная актыўнасьць самой Вольгі.

Асобнай праблемай ў такіх сытуацыях зьяўляецца тое, што юрыдычна даказаць ціск практычна немагчыма — па першае, ціснуць дзяржаўныя інстанцыі, па-другое, усе афіцыйныя дакумэнты афармляюцца так, што жанчыны на самой справе выглядаюць небясьпечнымі. Фармальна «прыдрацца» вельмі цяжка. Але ўсе мы, як кажуць, усё разумеем.

Мне цікава, у наколькі сацыяльна бясьпечным становішчы знаходзіцца Коля Лукашэнка.

Мне цікава, у наколькі сацыяльна бясьпечным становішчы знаходзіцца Коля Лукашэнка — маці не прымае ўдзелу ў выхаваньні, бацька ўвесь час у разьездах і альбо перакладвае свае абавязкі на адпаведных памочнікаў, альбо возіць хлопчыка з сабой, вырываючы з навучальнага працэсу і фактычна прымушаючы да формаў дзейнасьці, якія не спрыяюць ні фізычнаму, ні псыхалягічнаму гарманічнаму разьвіцьцю дзіцяці. Але ніводная інспэкцыя не прыйдзе правяраць умовы жыцьця гэтага хлопчыка і не стане апытваць суседзяў.

Нейкім чынам прадстаўніцы і прадстаўнікі ўлады маюць гэтую супэрздольнасьць — сумяшчаць сямейнае і прафэсійнае. Нам жа, простым сьмяротным, застаецца толькі спадзявацца, што рэпрэсіўная машына нас не кране.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG