Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бязьвізавы ўезд і невядомыя дабрадзеі


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Знаёмы грамадзянін Польшчы неяк напісаў пра свой паход у беларускае консульства ў Беластоку.

«— Хачу зрабіць сабе беларускую візу.

— Навошта вам ехаць у Беларусь?

— ?!. Проста хачу паглядзець...

— Вой, ну што там глядзець?».

Веру ў шчырасьць дробнага чыноўніка сыстэмы Міністэрства замежных спраў Беларусі. «Ну што там глядзець? Відаць, ёсьць патаемны зламысны інтарэс, калі так адказаў. Відаць, варта заблякаваць уезд, ня даць візу». Не далі.

Але чытаю навіны і бачу, што ёсьць іншыя людзі ў дзяржаўных ці калядзяржаўных структурах.

«Невядомыя дабрадзеі» — такімі словамі я называю для сябе тых, хто робіць добрыя справы для будучыні краіны, а значыць, і для маёй сям'і.

Раней нефармальна ўжывалі слова «партызаны». Напрыклад, «партызаны пусьцілі на БТ кліп зь Лявонам Вольскім». Але для адкрытай публічнай працы «партызаны» не надаюцца. Партызаны — штосьці інсьпіраванае з пэўнага «цэнтру», штосьці прыдуманае. А «дабрадзеі» — яны самі па сабе — ад душы. І кліпы запускалі, і банкноты новыя без саўдэпаўскай ідэалёгіі зрабілі, і адмену візаў у Гарадзенскім раёне прасоўвалі.

«Ад 26 кастрычніка пачаў дзейнічаць бязьвізавы парадак уезду і выезду замежных грамадзян у Беларусь у адмысловы турысцка-рэкрэацыйны парк “Аўгустоўскі канал”».

Гэта вялікі крок для краіны, якая больш за дваццаць гадоў трымалася савецкай традыцыі самаізаляцыі.

Як большасьць дзяцей СССР, я не імкнуўся ў школе вучыць замежную мову, бо не разумеў сэнсу — усё адно нікуды не паедзеш. Калі падрос, задаваўся пытаньнем: навошта баяцца пускаць людзей за мяжу, калі там усё кепска, а ў нас усё добра? І адпаведна — не пускаць турыстаў да нас, дзе «амаль рай на зямлі»?

З СССР цяпер усё зразумела: улады хлусілі сваім грамадзянам і зьвялі кантакты са зьнешнім сьветам да мінімуму, каб не быў бачны падман.

Але парадокс сучаснай беларускай сытуацыі ў тым, што беларусам ехаць можна куды заўгодна, а вось іншаземцаў фільтруюць на этапе выдачы візы. І грашыма, і палітычнымі рашэньнямі — запісалі ў «антысаветчыкі» і не даюць. Проста так.

Тое, што 26 кастрычніка першы замежнік заехаў у Беларусь бязь візы, гэта ня проста прагматыка — «патрэбныя грошы». Гэта цывілізацыйны крок, пасьля якога адказаць «вой, ну што там глядзець?» будзе ўжо немагчыма. Вольны чалавек сам вырашае, што і дзе яму глядзець.

Гэта невядомыя дабрадзеі папрацавалі, каб зьмяніць сытуацыю. Так, рэжым застаецца. Так, хоць бы таму, што дабрадзеі ўсё яшчэ невядомыя. Але 26 кастрычніка 2016 году – важная дата ў гісторыі Беларусі. Бо гэта дата перамогі здаровага сэнсу над састарэлым ідэалягічным глупоцьцем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG