Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за паўсотні чалавек загінулі падчас нападу на паліцэйскую вучэльню ў Пакістане


Целы курсантаў паліцыі (пакрытыя коўдрамі) і цела падазраванага баевіка ляжаць на зямлі ля шпіталя пасьля нападу меркаваных баевікоў у трэніровачным цэнтры паліцыі ў Квэце, 25 кастрычніка 2016 году

Сама меней 59 чалавек загінулі ў выніку нападу групы ўзброеных людзей на паліцэйскую вучэльню ў горадзе Квэта на захадзе Пакістану.

У бальніцы Квэта паступіла больш за сотню параненых, некаторыя зь іх у цяжкім стане.

Напад на вучэльню адбыўся ў панядзелак увечары: група ўзброеных людзей уварвалася на тэрыторыю вучэбнага цэнтру, а потым у будынак інтэрнату.

Спачатку паведамлялася, што нападнікаў было пяцёра ці шасьцёра. Пазьней стала вядома, што на траіх зь іх былі паясы шагідаў.

Да вучэльні сьцягнулі спэцназ і рэгулярную армію. Перастрэлка і выбухі працягваліся больш за дзьве гадзіны.

Двум сьмяротнікам удалося падарваць сябе ў будынку інтэрнату. Менавіта гэта прывяло да значнай колькасьці ахвяраў сярод курсантаў, расказаў генэрал-маёр Памежнага корпусу Пакістану Шэр-Афган.

Трэцяга баевіка з выбухоўкай застрэлілі спэцназаўцы, прывесьці ў дзеяньне выбуховую прыладу ён не пасьпеў.

Пакуль ніводная з груповак баевікоў у Пакістане не ўзяла на сябе адказнасьць за напад.

А генэрал Шэр-Афган абвінаваціў у нападзе найбуйнейшую ў Пакістане экстрэмісцкую суніцкую групоўку «Лашкар-э-Джангві» і заявіў, што баевікі «падтрымлівалі сувязь са сваімі куратарамі ў Аўганістане».

Квэта — сталіца правінцыі Бэлюджыстан, у якой фіксуецца высокая актыўнасьць баевікоў-сэпаратыстаў ды ісламістаў. У жніўні ў выніку некалькіх выбухаў у Квэта загінулі 88 чалавек, паведамляе ВВС.

XS
SM
MD
LG