Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмʼер Літвы прызнаў паразу на выбарах. Наступным прэм’ерам можа стаць унук Ландсбэргіса


На выбарчым участку ў Літве
На выбарчым участку ў Літве

У Літве абраная большая частка парлямэнту, астатніх дэпутатаў абяруць па аднамандатных акругах. Аднак ужо цяпер зразумела — новы Сэйм будзе прынцыпова іншы. Былая апазыцыя сьвяткуе перамогу і абмяркоўвае склад будучай кааліцыі, кіруючыя партыі вымушаныя прызнаць паразу.

Парлямэнцкія выбары яшчэ раз даказалі: кожныя чатыры гады літоўскія выбаршчыкі, расчараваўшыся ў традыцыйных партыях, даюць паспрабаваць свае сілы ў Сэйме новым палітыкам. Так адбывалася ўсе 26 гадоў незалежнасьці краіны. Гэтым разам склад будучага ўраду вызначыў Саюз сялян і зялёных — незаплямленая ні ў адным скандале партыя, якую павёў на выбары беспартыйны былы галоўны паліцыянт краіны, экс-кіраўнік МУС, папулярны ў народзе праваабаронца Саўлюс Сквэрняліс. Сацыёлягі называлі «зялёных сялян» аднымі зь верагодных пераможцаў, але ніхто не чакаў іх перамогі. У выніку — 21 гарантаванае месца па сьпісах, і яшчэ 40 кандыдатаў, якія прайшлі ў другі тур у аднамандатных акругах.

«Людзі поўныя веры, што ў Літве нешта будзе мяняцца. Мы разумеем, што гэты ліміт даверу выдадзены менавіта нашай камандзе. Пасьля першага туру пераможца ўсіх выбараў яшчэ ня вызначаны. Вельмі шмат нашых кандыдатаў трапілі ў другі тур. Мы разьлічваем, што для нас ён будзе таксама пасьпяховым, і мы зможам фармаваць прафэсійны ўрад», — лічыць старшыня Саюзу сялянаў і зялёных Літвы Раманас Карбаўскіс.


Асьцярожнасьць пераможцы зразумелая — у патыліцу дыхаюць кансэрватары, якія апошнія чатыры гады знаходзіліся ў апазыцыі. У іх ужо 20 парлямэнцкіх крэслаў, а ў другім туры — яшчэ больш сваіх прадстаўнікоў, чым у сялян-зялёных. А гэта пры любым выніку азначае, што Літва абрала альбо палітыкаў-пачаткоўцаў, альбо былую апазыцыю. Апошнія не хаваюць амбіцый узначаліць урад.

«Усе настроі кажуць пра зьмены, пра перамены. І гэта самая галоўная сёньня навіна, і галоўнае пачуцьцё, якое лунае ў атмасфэры. І гэта мяне надзвычай радуе», — кажа старшыня «Саюзу Айчыны» — Хрысьціянскіх дэмакратаў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс.

Габрыэлюс Ландсбэргіс — унук Вітаўтаса Ландсбэргіса, першага кіраўніка Літвы пасьля аднаўленьня незалежнасьці ў 1990 годзе. У тым выпадку, калі ў выніку другога туру галасаваньня цяперашняя апазыцыя набярэ дастатковую колькасьць мандатаў для фармаваньня ўраду, 34-гадовы Ладсбергіс мае шанцы заняць пасаду прэмʼер-міністра.

Кіруючыя сацыял-дэмакраты засталіся за бортам, а адна з партыяў дзеючай кааліцыі і зусім не прайшла ў парлямэнт. Дзеючы прэмʼер-міністар Альгірдас Буткявічус прызнае сваю паразу. У яго партыі ўсяго 13 месцаў у будучым парлямэнце, і зусім няшмат кандыдатаў, якія прайшлі ў другі тур у акругах.

«Мы, палітыкі, павінны рабіць высновы, перабудоўваць і мацаваць свае шэрагі. Я ня буду хаваць, і я павінен падкрэсьліць, што сацыял-дэмакраты чакалі большай падтрымкі выбаршчыкаў, але я магу зразумець і тых, хто за нас не галасаваў. Я павінен падкрэсьліць, што пасьля заняпаду ў выніку крызысу людзі чакалі больш хуткіх пераменаў да лепшага», — заявіў старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Альгірдас Буткявічус.

Пасьля правалу дзеючых кіруючых партый усю літоўскую палітычную эліту чакае абнаўленьне. Адстаўкі ўжо пачаліся.

Пасады старшыняў партый пакінулі адразу два «цяжкавагавіка». Сышоў і кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі, які кіраваў ёй без малога 22 гады. Апошні, праўда, заявіў пра свой сыход з-за пастаянных збояў у працы ЦВК. сыстэма не давала выбаршчыкам галасаваць, а вынікі зьявіліся на тры гадзіны пазьней прызначанага. Хаця сыстэму спэцыяльна распрацоўвалі для выбараў і патрацілі на яе 5 мільёнаў эўра. Яўка на гэтых выбарах не дабрала адной дзясятай да 50%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG