Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральнікі беларускамоўнай гульні «Легенды Айзэнвальда» зьбіраюць грошы на «Кроў Лістапада»


Выява да гульні „Айзэнвальд: Кроў лістапада“
Выява да гульні „Айзэнвальд: Кроў лістапада“

Аўтары першай маштабнай беларускамоўнай відэагульні «Легенды Айзэнвальда», студыя Aterdux Entertainment, запусьціла на Kickstarter збор грошай на наступны праект: «Айзэнвальд: Кроў лістапада».

За 20 дзён трэба сабраць 12 тысяч даляраў, за няпоўны першы дзень кампаніі сабрана амаль 2 тысячы. За мінімальны ўнёсак у 7 даляраў можна будзе атрымаць лічбавую копію гульні, за большыя грошы прапануецца новая гульня ў камплекце з папярэдняй і розныя падарункі, у тым ліку рэканструкцыя сярэднявечнага кінжала.

Новая гульня будзе называцца «Кроў лістапада». Распрацоўшчыкі кажуць, што гэта не дапаўненьне ці сыквэл «Легендаў», а зусім новая гульня ў знаёмым сьвеце Айзэнвальда:

«Хацелі зрабіць нешта як невялікі дадатак, а выйшла цэлая гульня», — тлумачыць Свабодзе дырэктар Aterdux Entertainment Аляксандр Дзяргай.

Жанр гульні вызначаюць як «олдскульную прыгоду з пакрокавымі баямі з элемэнтамі RPG і стратэгіі ў стылі пясочніцы». Распрацоўшчыкі абяцаюць абноўлены графічны рухавік і экспэрымэнтальную квэставую сыстэму, якая будзе мяняцца ў залежнасьці ад дзеяньняў гульца. Задача ж гульца — «вызначыць вынік вайны за трон у герцагстве пасьля сьмерці ўладара, які не пакінуў нашчадкаў».

Сьвет Айзэнвальда нагадвае рэальнае сярэднявечча ў Сьвятой Рымскай імпэрыі. Эльфаў ці драконаў няма, але прысутнічаюць пэўныя элемэнты магіі і містыкі. Сюжэт «Легендаў» пісалі прафэсійныя пісьменьнікі зь Беларусі і Аўстраліі.

Першая гульня ў сьвеце Айзэнвальда ў свой час сабрала на Kickstarter 83,5 тысяч даляраў і, па словах Дзяргая, разышлася накладам больш як 70 тысяч копіяў. Крытыкі сустрэлі гульню даволі цёпла: сярэдні бал «Легендаў» на Metacritic склаў 71 са 100. Адзнакі ад карыстальнікаў на Metactritic — 8,1 з 10. На Steam гульня мае 77% станоўчых водгукаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG