Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі адбыліся сутычкі паміж прыхільнікамі легалізацыі марыхуаны і паліцыяй


У Грузіі, у горадзе Самтрэдзія, адбыліся сутыкненьні паліцыі з удзельнікамі акцыі за легалізацыю марыхуаны. Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, удзельнікі акцыі пафарбавалі ў белыя колеры паліцэйскія аўтамабілі.

Мітынг ля будынка паліцыі ў Самтрэдзія, у цэнтры Грузіі, зрадзіла моладзевае аб’яднаньне «Белы рух» (другая назва «Белы шум»), якое выступае за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў.

Актывісты моладзевай арганізацыі выказвалі пратэст у сувязі з трагедыяй, якая адбылася ў Самтрэдзія некалькі дзён таму, калі 22 гадовы Дэмур Стуруа наклаў на сябе рукі. У перадсьмяротнай запісцы ён распавёў, што адзін з паліцэйскіх патрабаваў ад яго стаць інфарматарам праваахоўных органаў, пагражаючы ў адваротным выпадку распачаць крымінальную справу і арыштаваць па абвінавачваньні ў захоўваньні і спажываньні наркотыкаў.

Удзельнікі акцыі пратэсту ля будынка паліцыі не адмаўлялі, што Дэмур Стуруа сапраўды быў нарказалежным, але лідэры «Белага руху» сьцьвярджаюць, што празьмерна суровая, нават жорсткая наркапалітыка грузінскай дзяржавы дае магчымасьць паліцыі ажыцьцяўляць шантаж і ціск на нарказалежных людзей.

Мітынгоўцы ўзарвалі шумавыя гранаты і дымавыя шашкі, пафарбавалі патрульныя аўтамабілі ў белы колер і прыляпілі да іх плякаты з надпісам: «Не забівайце мяне — я таксама чалавек»; а калі супрацоўнікі мясцовага аддзяленьня МУС паспрабавалі ім перашкодзіць, узьніклі сутычкі.

Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле «псаваньне чужой маёмасьці».

Грузінскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што гатовыя зьмякчыць пакараньне за спажываньне так званых лёгкіх наркотыкаў, падкрэсьліваючы, аднак, што аб поўнай дэкрыміналізацыі нарказалежнасьці гаворкі ня йдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG