Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прырода адпомсьціла айчыннаму гандлю за ІП


Алена Германовіч
Алена Германовіч

Днямі нейкая нячыстая занесла мяне на гомельскі праспэкт Перамогі. Там разьмешчаныя розныя крамы — абутковыя, адзеньня, харчаваньня, сувэніраў і касмэтыкі. Амаль усе плошчы аддадзены «айчыннаму вытворцу».

«Купляйце беларускае, купляйце беларускае!» — лямантуюць чырвона-зялёныя рэклямы паўсюль у крамах. Я тыя енкі-заклікі ўжо слухаю даўно, гадоў дзесяць, і вось вырашыла нарэшце здацца, і нешта купіць, прычым на праспэкце Перамогі, каб было сымбалічна. Радуйцеся, арганізацыі з дзіўнымі назвамі «Аблгандльпромтромаграсаюз» — да вас ідзе пакупнік! Вы перамаглі — я пачула вашы заклікі.

У краме адзеньня мне ў вочы адразу кінулася сукенка. Жаночая, я так думаю. Мне хацелася абняць тую сукенку і заплакаць ад замілаваньня: дакладна такой расфарбоўкі ў шалёныя клетачкі пазытыўных колераў (адзін зь якіх — «дзіцячай нечаканасьці» ці кураня) я мела сукенку ў 1980 годзе, калі хадзіла ў савецкі дзіцячы садок. Тады мне было два гады. Ці тры. Прайшлі гады, дзесяцігодзьдзі... Дзе яны толькі бяруць той матэрыял у буйную клетачку «лопні-вочы» дзіцячых колераў? Але гэта была не дзіцячая сукенка. Наогул не зразумець мэтавую аўдыторыю сукенкі, ніяк! Маладыя кабеты наўрад ці будуць такое насіць. Жанчыны 60+? Ну можа быць, каб іншы колер! І гэты прыдуркаваты банцік! «Абы што і збоку — банцік». Я памацала сукенку — яна аж трашчала ў руках. Хіба такую сынтэтыку носяць у сьпёку? Хм. Але і швы! Але і «маланка!» — ня ў тэму, нязручна... На якую толькі фігуру пашылі гэтую бязглузьдзіцу? Худым яна ня будзе пасаваць. А з вагой 70+ трэба такую адзежыну, каб схаваць кіляграмаў 10+, а не падкрэсьліваць іх — во такім недарэчным выбарам лёгкай прамысловасьці. Лёгенькай.

Фота Алены Германовіч.
Фота Алены Германовіч.

Я круціла яе так і гэтак, але пазытыўных бакоў не знайшла. Цьфу ты, нейкая недарэчная зусім сукенка! Можа, яна для «сацыяльна неабароненых» слаёў насельніцтва? Але кошт... Маці мая Бэнэдысьён Альварада! Практычна мільён старымі рублямі! 967 тысяч, ці колькі там. Я адышла далей і спрабавала выклікаць у сабе павагу да такой дарагой сукенкі, але ніяк не ўдавалася. Я паўтарала моўчкі «Даніэль Артэга, каб ты толькі гэта ўбачыў! Каб ты толькі ўбачыў, як умеюць шыць і за які прадаваць у адной з краін сьвету!»

Узгадала нашых ІП, якія, па словах улады, гандлююць несэртыфікаваным таварам, кітайскім, маўляў, танным, няякасным і непрыгожым. Узгадала, як іх душаць, выціскаюць з рынку, прымушаюць гандляваць «сваім, айчынным». Можа, такімі сукенкамі па мільёну? На рынках я такіх коштаў ня бачыла, дарэчы.

Побач з крамай адзеньня на праспэкце Перамогі — харчовая. Там зараз практычна голыя паліцы, адключаныя лядоўні, а каб не было страшна ад пустаты — паставілі шэрагамі ваду, кансэрвы, гарбату... Пакупнікоў няма. Прадаўцы сумуюць, пра нешта шэпчуцца купкамі па гандлёвай залі. «Што ў вас такое? Сьмерч нейкі быў, ці што? Мо зачыняецеся?» — спыталася я. «Зачыняемся» — рэхам паўтарылі прадаўцы. «А што здарылася? Мо збанкрутавалі?» — дапытвалася. «Збанкрутавалі» — сумным рэхам адгукнуліся яны.

О так. Узгадала цудоўную прымаўку: «Бог прабачае заўсёды, чалавек — раз-пораз, а прырода — ніколі». Напэўна, айчыннаму, прынамсі, мясцоваму гандлю Прырода адпомсьціла за ІП! Сусьвет, Космас, ці якая яшчэ Вышэйшая сіла. Як можна збанкрутаваць на прадуктах? Хіба людзі перасталі есьці? А на хлебе — як зараз эканамічныя праблемы ў «Гомельхлебпрама», які пазачыняў свае крамы ў цэнтры Гомелю?

Усё-такі помста Прыроды, няйнакш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG