Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Мы вельмі хацелі б нармалізацыі адносінаў з ЗША. Нават расіяне кажуць, што гэта прымальна


Лукашэнка, Пуцін, Абама (каляж)
Лукашэнка, Пуцін, Абама (каляж)

Беларусь жадае нармалізаваць адносіны са Злучанымі Штатамі Амэрыкі на ўзаемавыгадных умовах, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 6 ліпеня часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Скота Роланда ў сувязі са сканчэньнем яго дыпляматычнай місіі ў Менску.

«Мы ніколі не хавалі таго факту, што без нармалізацыі адносін са Злучанымі Штатамі мы ня будзем мець паўнавартаснай зьнешняй палітыкі. Мы ня ўтойваем, што вельмі хацелі б нармалізацыі стасункаў з ЗША на ўзаемавыгадных умовах», — цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА.

Беларускі кіраўнік адзначыў паляпшэньне адносін паміж Менскам і Вашынгтонам у апошні час. «Сказаць, што ў нас усё добра ў адносінах паміж дзяржавамі, напэўна, будзе не зусім выглядаць шчыра нават дыпляматычна. Але таго, што значна лепш, чым было, і што мы рухаемся ў нармальным, правільным кірунку, напэўна, і вы ня станеце адмаўляць», — сказаў Лукашэнка. «Пры добрай волі кіраўніцтва Злучаных Штатаў мы вельмі многае можам зрабіць у найбліжэйшай будучыні», — дадаў ён.

Нават расіяне нам заўсёды кажуць аб тым, што мець нармальныя адносіны з Заходняй Эўропай і ЗША — гэта абсалютна прымальна і патрэбна.

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі ёсьць пэўныя абавязацельствы перад краінамі-суседзямі, у тым ліку цеснае супрацоўніцтва з Расеяй і такімі дзяржавамі, як Кітай і Індыя. «Гэта нашы стратэгічныя саюзьнікі, партнэры. Мы зь імі заключылі адпаведныя дамовы», — падкрэсьліў ён.

Пры гэтым ён дадаў: «Мы ня маем ні перад адной дзяржавай абавязацельстваў, якія б супярэчылі нашаму супрацоўніцтву з ЗША. Нават расіяне нам заўсёды кажуць аб тым, што мець нармальныя адносіны з Заходняй Эўропай і ЗША — гэта абсалютна прымальна і патрэбна».

Скот Роланд зьяжджае зь Беларусі 8 ліпеня. У якасьці часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі ён працаваў зь ліпеня 2014 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG