Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Абама працягнуў санкцыі ў дачыненьні да беларускіх уладаў


Барак Абама
Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама працягнуў яшчэ на год санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў. Пасланьне Абамы Кангрэсу ЗША пра тое, што санкцыі падаўжаюцца пасьля 16 чэрвеня 2016 году, разьмешчана на афіцыйным сайце Белага дома.

У дакумэнце адзначаецца, што дзеяньні пэўных прадстаўнікоў беларускага ўраду «ўяўляюць надзвычайную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і зьнешняй палітыцы ЗША». Гэтыя людзі таксама «падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі». Ва ўказе, дзеяньне якога падоўжыў прэзыдэнт Барак Абама, улады Беларусі абвінавачваюцца ў «парушэньнях правоў чалавека, зьвязаных з палітычнымі рэпрэсіямі, а таксама ўдзеле ў карупцыі».

Санкцыі ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў і чальцоў іх сем’яў, былі ўведзеныя 16 чэрвеня 2006 году тагачасным прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія ЗША і Эўразьвяз прызналі недэмакратычнымі.

Санкцыі прадугледжваюць блякаваньне рахункаў названых асобаў у амэрыканскіх банках, забарону ім на ўезд у ЗША, забарону амэрыканскім кампаніям весьці зь імі справы.

У 2010 годзе, пасьля чарговых прэзыдэнцкіх выбараў, сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША, быў пашыраны.

У «чорным сьпісе» ЗША знаходзяцца Аляксандар і Віктар Лукашэнка, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўнік спраў прэзыдэнта Віктар Шэйман, былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч і іншыя. Поўны сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якія трапілі пад санкцыі ў ЗША, Белы дом не раскрывае.

У красавіку 2016 году Міністэрства фінансаў ЗША прадоўжыла вызваленьне ад санкцый для некаторых беларускіх кампаній: «Белнафтахім» і яго амэрыканскае падразьдзяленьня, ААТ «Белшына», ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан», ААТ «Полацк-Шкловалакно» і «Беларускі нафтавы гандлёвы дом».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG