Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зноў зайгралі беларускія дуды?


Яўген Барышнікаў
Яўген Барышнікаў

Вобразы дуды і дудара ўжо амаль два стагодзьдзі займаюць прыгожае месца ў беларускай нацыянальна-рамантычнай міталёгіі. Міт пра дуду, які стала замацаваўся ў літаратуры дый сьвядомасьці беларусаў, сучаснае беларускае адраджэньне трактуе як нацыянальны сымбаль. І гэта пры тым, што сама дударская выканаўчая традыцыя практычна страчаная. А ці магчыма адрадзіць яе, а значыць, і даць новае, ужо практычнае, жыцьцё міту пра дуду? Ці ж зноў ва ўсю моц зайграе беларуская дуда?

Гутарка з дасьледнікам дуды, сябрам рады Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Яўгенам Барышнікавым.

— Яўген, ці можам мы з упэўненасьцю казаць, што менавіта неўміручасьць міту пра дуду і дудароў вызначыла тую цікавасьць да дуды як музычнага інструмэнту і дударства як мастацкай творчасьці, якую мы назіраем у наш час, час найноўшага нацыянальнага адраджэньня?

— Безумоўна, сучаснае адраджэньне дуды ў Беларусі, якое цягнецца з 1980-х, не абышлося без уплыву гэтага рамантычнага міту. Больш за тое, на маю думку, на сёньня дуды ў нас у большай ступені праект мастацкі, чым этнамузыкалягічны, інструмэнтазнаўчы. Але калі гаворка ідзе пра канкрэтныя рэчы, кшталту канструкцыі інструмэнта, матэрыялаў, памераў, музычнага строю і нават рэпэртуару, на адных рамантычных летуценьнях далёка не заедзеш, трэба практычныя веды.

— І якія практычныя веды засталіся?

— Засталіся хіба ўспаміны пра дудароў. А практычных ведаў — фактычна ніякіх. Традыцыя была перарваная. Пакуль яшчэ жылі аўтэнтычныя дудары, ім сапраўды аддавалася ўвага, асабліва ў 1920-я —1930-я гады. Але калі аўтэнтычныя музыкі пакрысе адышлі, практычныя навыкі былі, на жаль, цалкам страчаныя.

Прывяду паказальны прыклад з архіву Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Быў такі Камандышка зь Сянна, граў і рабіў дуды. Напрыканцы вайны яго забіла елка. І тады, па словах інфарматаркі, «гэтыя нашыя дуракі, ніхто ня мог іграць на дудзе, параскурочылі, пастуху аддалі нейкаму, думалі, ён будзець скот выганяць пад дуду, а ў яго не палучалася нічога, яе раскурочылі, так яна і валялася».

Лічыцца, што апошні публічны выступ аўтэнтычнага дудара адбыўся ў 1951 годзе: на рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасьці ў Менску выступіў Язэп Гвозд з Вушаччыны. І ўсё, у публічнай прасторы застаўся толькі міт.

Дудар Іосіф Гвозд (1951). Гэты выступ лічыцца апошнім вядомым публічным выступам дудара. // Фота - Альманах Dudar №1, 2012 с. 19
Дудар Іосіф Гвозд (1951). Гэты выступ лічыцца апошнім вядомым публічным выступам дудара. // Фота - Альманах Dudar №1, 2012 с. 19

— Але як жа тады адбылося адраджэньне інструмэнта на практыцы?

— Каб граць на інструмэнце яго трэба было спачатку зрабіць. Штуршком для практычнага адраджэньня дудаў стала манаграфія этнамузыколяга Іны Назінай «Беларускія народныя інструмэнты», якая выйшла ў 1979 годзе. Гэта была тытанічная праца, бо калі сёньня большасьць крыніцаў лёгка даступныя ў інтэрнэце, дык тады праца са старадрукамі вымагала значна больш часу і кваліфікацыі. І менавіта Іна Назіна ўвяла ў шырокі зварот цэлы корпус этнаграфічнай і гістарычнай літаратуры ў тэме беларускіх народных музычных інструмэнтаў, у тым ліку і дудаў. Так, пэўныя практычныя зьвесткі па вырабе, матэрыялах, канструкцыі былі знойдзеныя ў працах Мікалая Нікіфароўскага, Еўдакіма Раманава, Н. Аніміле, Віктара Бяляева і іншых. Зьвесткі мінімальныя, але дастатковыя, каб задаць кірунак зацікаўленаму майстру. То бок да міту далучылася навуковая канкрэтыка. І практычныя веды майстрам даводзілася аднаўляць з нуля, паводле этнаграфічнай літаратуры, рэдкай іканаграфіі і музэйных экспанатаў. У асноўным — праз уласныя здагадкі і памылкі, а таксама праз прыклады дударскіх традыцыяў і запазычаньні тэхналягічных нюансаў у суседзяў па кантынэнце.

— А сам інструмэнт хоць захаваўся? Ці яго канструкцыі таксама даводзілася аднаўляць? Тады — з чаго?

— Цяпер дасьледчыцкай супольнасьці дакладна вядомы зьнешні выгляд каля 30 інструмэнтаў з розных рэгіёнаў, зь іх палова — экспанаты з музэяў Беларусі, Літвы, Расеі. Рэшта — архіўныя фатаздымкі. Ёсьць аўдыёзапісы як мінімум трох розных дудароў, нават здымка на кінастужку 1939 году знойдзеная. А на пачатку трансфармацыі міту ў рэальнасьць інфармацыі было значна менш. Што часам і прыводзіла да аўтарскіх фантазіяў. Яшчэ ў 1970-я гады з падачы Іны Назінай экспэрымэнтаваў над канструкцыяй дуды майстар Лычкоўскі. На пачатку 1980-х гадоў працавалі ў гэтым кірунку Ўладзімер Гром, Алесь Жукоўскі, Уладзімер Пузыня, Алесь Лось. У 1990-х далучыліся Тодар Кашкурэвіч, Алесь Жура, Віктар Кульпін, Сяржук Вінаградаў, Зьміцер Сасноўскі. Праз шэраг памылак, так ці іначай, канструкцыю інструмэнта аднавіць удалося. Дуды зайгралі. Зрэшты, экспэрымэнты, удасканаленьні, пошук аптымальнага спалучэньня традыцыйнага выгляду і сучасных патрабаваньняў працягвае і сёньня маладое пакаленьне майстроў — Дзяніс Сухі, Юрась Панкевіч, Алесь Сурба, Сяргей Чубрык і іншыя.

Майстар і выканаўца Алесь Лось, в. Зарудзічы, Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. 1989 г.
Майстар і выканаўца Алесь Лось, в. Зарудзічы, Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. 1989 г.

— То бок з гледзішча канструкцыі — інструмэнт цяпер цалкам адроджаны?

— Канструкцыйна — так. Але тут ёсьць свая лыжка дзёгцю. Нядаўна кола нашых дасьледчыкаў і экспэртаў абмяркоўвала ўнясеньне беларускай дударскай традыцыі ў рэпрэзэнтатыўны сьпіс нематэрыяльных культурных каштоўнасьцяў ЮНЭСКА. Магчыма, гэта будзе зроблена. Але паўстала пытаньне: што менавіта падаваць у той сьпіс? Бо ў нас аказалася ўсё добра з рамантычнай, «фэнтэзійнай» плыньню: дуды адроджаныя, на іх граюць што заўгодна, і яно адразу нібыта становіцца беларускім. Але пры гэтым стан адраджэньня ўласна каранёвай, аўтэнтычнай дударскай традыцыі як практыкі музыкаваньня (асаблівасьці строю, рэпэртуар, тэхнікі граньня і г.д.) яшчэ дужа далёкі ад завяршэньня, рамантычных летуценьняў тут недастаткова.

— Такім чынам, застаецца нявырашаным, неадроджаным самае галоўнае — што, дзе і як граць на дудзе, якую беларусы зноў ужо маюць? Як вырашыць гэтую праблему і ці вырашальная яна ўвогуле? І ці не разбурыцца міт, калі ня так і ня там зайграе на дудзе чалавек у джынсах?

Сяргей Сахараў, дасьледчык фальклёра беларусаў Латгаліі, 1937. Фота з архіву ЦНБ НАН Беларусі
Сяргей Сахараў, дасьледчык фальклёра беларусаў Латгаліі, 1937. Фота з архіву ЦНБ НАН Беларусі

— У сучаснай сацыялёгіі ёсьць меркаваньне, што міталягічная сьвядомасьць у прынцыпе ўласьцівая чалавецтву. І таму нельга замяніць міт рацыянальным, бо на зьмену старому міту ўсё адно прыйдзе новы. Адпаведна, задача бачыцца ў карэкціроўцы наяўнага міту дуды, шліфоўцы, наданьні яму формаў, адпаведных сучаснасьці. У пэўным сэнсе, гаворка ідзе пра канструяваньне міту. Гэты працэс вельмі цікава назіраць. Ён адбываецца тут і цяпер, нават гэтая перадача — частка працэсу.

— Але ці вядомыя прыклады ўдалага стварэньня падобных мітаў?

— Яшчэ як! Клясычны прыклад — шатляндзкія дуды. Іх выгляд, рэпэртуар і агулам вобраз «сцэнічнага горца» — цалкам штучны канструкт і заслуга Highland Society of London — таварыства багатых шатляндзкіх эмігрантаў, якія з другой паловы XVIII стагодзьдзя шчыравалі на ніве адраджэньня гэльскай мовы і традыцыяў. Да гэтага ў Шатляндыі, вядома, былі дуды, як і па ўсёй Эўропе. Але менавіта «Горскае таварыства» за паўстагодзьдзя ўпартай працы зрабіла іх неадʼемнай часткай рамантычнага шатляндзкага наратыву, акадэмізавала інструмэнт, выпрацавала канструкцыю і стандарты, зрабіла з дудаў вядомую цяпер усяму сьвету цукерку. Рэшту справы зрабіла Брытанская імпэрыя, якая разам з шатляндзкімі рэгімэнтамі разьнесла дуды па сваіх калёніях. Але напачатку гэта быў тыповы адраджэнскі праект і выдатны прыклад звышпасьпяховай мітатворчасьці.

— Гэта была аж да такой ступені пасьпяховая мітатворчасьць, што сёньня на плошчах старажытных гарадоў розных краінаў Эўропы мясцовыя музыкі ў шатляндзкіх спадніцах, кілтах, забаўляюць турыстаў. Назіраў я гэтую шатляндзкую экзотыку шмат дзе. Значыць, існуе цікавасьць да дуды па ўсёй Эўропе, а адрадзілі толькі шатляндцы.

— Можа, не такія яркія, але прыклады пасьпяховага дудовага адраджэньня ёсьць і ў іншых краінах.

У Швэцыі традыцыя была таксама перарваная ў XX стагодзьдзі, але з 1980-х была пасьпяхова адноўленая і ўдасканаленая.

У Эстоніі з аўтэнтычнай традыцыяй лучыць адзін толькі дудар, які перадаў веды аркестру, і гэтага аказалася дастаткова, каб інструмэнт квітнеў у наш час.

Цікавы прыклад Нямеччыны. Там у 1970–80-х гадох узялі багатую эўрапейскую іканаграфію зь сярэднявечча і Новага часу (узгадайце Дзюрэра, Брэйгеля і іншых) і на аснове яе стварылі інструмэнт, на якім цяпер па ўсім сьвеце граюць драйвовы «фэнтэзі-фолк». Нават у Беларусі ёсьць пасьпяховыя гурты гэтага кірунку.

Разам з тым у некаторых краінах, нягледзячы на наяўнасьць жывых і непарыўных традыцыяў, дуды асабліва не вядомыя шырокай аўдыторыі. Прыкладам, гуцульскія дуды ва Ўкраіне, марыйскія — у Расеі, велькапольскія — у Польшчы. То бок для папулярнасьці зусім не дастаткова мець моцную традыцыю.

— Што трэба, каб практычнае ўвасабленьне міту стала пасьпяховым?

— Мне падаецца, для масавага посьпеху трэба тры складнікі. Першы — фактычная музычная традыцыя, другі — міт, які ўзьнікае на падмурку гэтай традыцыі, і трэці — рэальны ўжытак у сучаснасьці. Як міту недастаткова для аднаўленьня практычных навыкаў, гэтак і традыцыі недастаткова для зьяўленьня міту. У шатляндцаў была традыцыя, яны стварылі міт, а брытанскае войска дало яму выйсьце, пляцдарм. Немцы, наадварот, мелі толькі міт, але сынтэзавалі інструмэнт і вынайшлі сучасны практычны ўжытак.

— А ў Беларусі? Дударскі міт аж на ўзроўні нацыянальнага сымбалю ёсьць. Кідаць яго — недаравальна было б. Што яшчэ ёсьць, што трэба яшчэ знайсьці, каб дуда зноў зайграла на ўсю моц?

Уладзімір Пузыня з дудой аўтарскай канструкцыі, зробленай напачатку 80-х. Фота А. Белавусава // Альманах Dudar №1, 2012, с.42
Уладзімір Пузыня з дудой аўтарскай канструкцыі, зробленай напачатку 80-х. Фота А. Белавусава // Альманах Dudar №1, 2012, с.42

— У выпадку Беларусі мы маем ня толькі моцны міт, але і досыць інфармацыі пра аўтэнтычную традыцыю, пра падмурак міту. Пакуль гэта, бадай, самы слабы пункт з трох, тут трэба сурʼёзная дасьледчыцкая праца, аналіз наяўных матэрыялаў, інструмэнтаў, крыніцаў, нават сучасных палявых запісаў.

Дуды дагэтуль гучаць у галовах старажылаў, якія чулі іх у дзяцінстве. Дагэтуль можна сустрэць успаміны пра дудароў. І некаторыя дэталі сапраўды цікавыя з практычнага гледзішча. Так, напрыклад, расказваюць, што дудара можна было пазнаць па чорнай кашулі пад пахамі: бо скураны мех, каб не пускаў паветра, прамазвалі дзёгцем. Або, маўляў, быў у нас у вёсцы дзед-дудар, які граў на дудзе і адначасна сьпяваў песьні, а калі паветра сканчалася, пераставаў сьпяваць, надзімаў мех і тады толькі працягваў. Былі такія паўзы ў песьнях, і ўсе чакалі, пакуль надзьме мех. Пра танцы расказваюць шмат.

Апрача таго, дасьледаваныя яшчэ ня ўсе гістарычныя крыніцы. Дый штогод знаходзяцца нейкія новыя архіўныя зьвесткі, фатаздымкі, малюнкі. Інфармацыі досыць, і гэтыя веды трэба проста сыстэматызаваць, аформіць, стварыць пэўную школу.

Цяпер дуды шырока вывучаюцца і афіцыйнымі інстытуцыямі, і незалежнымі дасьледчыкамі. Рэгулярна зьяўляюцца спавешчаньні на тэму дудаў і на штогадовай канфэрэнцыі «Аўтэнтычны фальклёр...» у Беларускім унівэрсытэце культуры і мастацтва, якую арганізуе Вячаслаў Калацей. Адбываюцца сустрэчы дасьледчыкаў і ў часе «Дударскага фэсту» Зьмітра Сасноўскага. Акрамя таго, сёлета ўжо трэці раз у межах Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі ў Коўне будзе адмысловая дасьледчыцкая сэкцыя па дудах рэгіёну. Некалькі год таму даклад пра дуды ў Беларусі гучаў і на тэматычнай міжнароднай дударскай канфэрэнцыі ў Лёндане.

То бок асваеньне аўтэнтычнага, немітычнага складніку рухаецца. Падцягваецца і практыка: сёлета зьявілася нават відэашкола па дудах Юрася Панкевіча.

І што яшчэ вельмі важна для посьпеху практычнага ўвасабленьня міту, дык гэта тое, што мы ўжо насамрэч маем трэці пункт — рэальны практычны ўжытак дудаў у сучасным жыцьці. Гэта граньне дудароў на абрадах, вясельлях і, канечне на танцах...

— Але пра гэта — у наступнай перадачы «Новай Атлянтыды».

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG