Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада можа назваць імя новага прэм’ера Ўкраіны заўтра


Першы намесьнік кіраўніка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій зачыніў вячэрняе пленарнае пасяджэньне парлямэнту, на якім так і не разгледзелі адстаўку прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка і не прагаласавалі за новую кандыдатуру кіраўніка ўраду.

Фракцыя «Блёк Пятра Парашэнкі» ня можа ўзгадніць пазыцыі па складзе будучага кабінэту міністраў з прэтэндэнтам на пасаду прэм’ера, сьпікерам Вярхоўнай Рады Ўладзімірам Гройсманом, якога сама гэтая фракцыя і прапануе, — сказаў журналістам дэпутат ад «Блёку Парашэнкі» Аляксей Ганчарэнка.

Па словах Ганчарэнкі, пакуль застаюцца няўзгодненымі кандыдатуры на пасады міністра эканомікі, паліва і энэргетыкі, а таксама культуры. Яго калега па фракцыі Сяргей Лешчанка кажа, што Ўладзімір Гройсман ня можа прыйсьці да агульнага рашэньня па складзе ўраду з адміністрацыяй прэзыдэнта Парашэнкі.

Ўкраінскія палітыкі, у прыватнасьці, міністар унутраных справаў Арсен Авакаў, заяўляюць, што партыі ня могуць дамовіцца аб тым, як павінен выглядаць новы Кабінэт міністраў Украіны.


10 красавіка Арсеній Яцанюк заявіў, што сыходзіць у адстаўку, а 12 красавіка Вярхоўная Рада павінна была дамовіцца па кандыдатуры новага прэм’ера. Наступнае пасяджэньне Рады заплянавана на заўтра, 13 красавіка. Чакаецца, што на яго зьбяруцца амаль усе дэпутаты і рашэньне можа быць зацьверджанае.

Сярод кандыдатаў на пасаду прэм'ера СМІ называюць сьпікера парлямэнта Ўладзіміра Гройсмана, міністра фінансаў Натальлю Ярэську і мэра Львова Андрэя Садовага.

Аднак найбольш верагодным кандыдатам лічыцца менавіта Гройсман. 24 сакавіка яго вылучыла кандыдатам у прэм'еры фракцыя "Блёк Пятра Парашэнкі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG