«Я паўтарыў абяцаньні прэзыдэнта ЗША Барака Абамы, санкцыі будуць зьнятыя, калі ўсе пункты менскіх пагадненьняў будуць выкананыя, уключаючы вывядзеньне ўсіх ўзбраеньняў і войскаў, а таксама вяртаньне сувэрэнітэту ўкраінскай мяжы», — сказаў Джон Керы ў чацьвер увечары па выніках сустрэч у Маскве.
Па словах жа кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова, у Масквы і Вашынгтона няма рознагалосьсяў адносна безальтэрнатыўнасьці менскіх дамоўленасьцяў.
«Нягледзячы на некаторыя нюансы, у нас няма рознагалосьсяў у тым, што тычыцца безальтэрнатыўнасьці выкананьня менскіх дамоўленасьцяў, у тым ліку праз прамы дыялёг Кіева з Данецкам і Луганскам, уключаючы такія пытаньні, як забесьпячэньне бясьпекі і прасоўваньне палітычнага працэсу», — сказаў Лаўроў.
24 сакавіка, у Маскве дзяржсакратар ЗША Джон Керы сустракаўся з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым і расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным. Галоўнымі тэмамі сталі Ўкраіна і Сырыя.
ЗША і ЭЗ увялі эканамічныя санкцыі супраць Расеі ў адказ на яе падтрымку сэпаратыстаў, якія кантралююць частку ўсходу Ўкраіны. Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае і кажа, што на Данбасе могуць быць хіба што добраахвотнікі.
Менскія дамоўленасьці прадугледжваюць вывядзеньне ўсіх замежных фармаваньняў, ваеннай тэхнікі і наймітаў з тэрыторыі Ўкраіны.