Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малады фронт» прысьвяціў беларусам, якія загінулі ва Ўкраіне, сайт-мэмарыял «Героі не паміраюць»


На сайце прадстаўленыя старонкі пра трох асобаў: Міхаіла Жызнеўскага, Віталя Ціліжэнкі і Алеся Чаркашына.

Сайт «Героі не паміраюць» адкрыўся па адрасе rip.mfront.net. «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацкаўшчына», — падпісана на сайце пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Як кажуць стваральнікі сайту, галерэя памяці створаная безь якой-кольвек спонсарскай падтрымкі, не прасоўвае партыйных або палітычных інтарэсаў, не займаецца піярам. Пакуль сайт распавядае пра трох чалавек: беларусаў Міхаіла Жызнеўскага і Алеся Чаркашына, а таксама ўкраінца Віталя Ціліжэнку.

Алесь Кіркевіч
Алесь Кіркевіч

«Сайт створаны як віртуальны помнік тым героям, якіх мы маем ушанаваць. На ім пакуль ня так шмат інфармацыі, як хацелася б. Мы лічым, што ён толькі пачаў сваю дзейнасьць і далей будзе напаўняцца інфармацыяй, — распавядае Свабодзе адзін з ініцыятараў стварэньня сайту Алесь Кіркевіч. — А ва Ўкраіне ўжо ёсьць падобныя сайты: прысьвечаныя героям „Нябеснай сотні“, героям, якія загінулі падчас вайны.

Нашых людзей, якія загінулі ва Ўкраіне, ня так і шмат. Сапраўды, гэта людзі, пра якіх цяпер ёсьць інфармацыя. Магчыма, былі яшчэ нейкія беларусы, пра якіх нічога не вядома, сьмерць якіх не хацелі афішаваць, але ў нас пра гэта няма ніякіх зьвестак. Хутчэй, гэта почырк адваротнага боку, тых, хто ваюе за сэпаратыстаў — утойваць сваіх памерлых. Але вядома, што ў Беларусь час ад часу прывозілі „груз 200“ менавіта з тымі беларусамі, якія ваявалі на баку „ДНР“ і „ЛНР“. А тыя, хто загінулі за Ўкраіну, — іх сьмерць звычайна ніхто ня ўтойвае».

Міхал Жызьнеўскі — кавалер ордэну Героя Нябеснай Сотні, баец УНСО, пазаштатны карэспандэнт газэты «Соборна Київщина». Падчас «Рэвалюцыі Годнасьці», раніцай 22 студзеня 2014 году на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве быў забіты стрэлам у сэрца.

Алесь Чаркашын — удзельнік канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, баец Тактычнай групы «Беларусь» у складзе Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правы сэктар». Памёр у шпіталі пасьля цяжкога раненьня, атрыманага 10 жніўня ў баі пад Белакаменкай на Данбасе.

Віталь Ціліжэнка — родам з Запарожжа, удзельнік «Рэвалюцыі годнасьці» і вайны на ўсходзе Ўкраіны. Баец тактычнай групы «Беларусь» у складзе Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правы сэктар». Загінуў 10 жніўня 2015 году ў баі пад Белакаменкай на Данбасе.

Для аўтараў сайту згадаць яго поруч зь беларускімі героямі было прынцыповым, уважаючы на тое, колькі ён дапамагаў беларусам падчас рэвалюцыі ды вайны ва Ўкраіне, тлумачыць Кіркевіч:

«Справа ў тым, што і маладафронтаўцы, і тыя, хто ствараў сайт, добра ведалі Віталя. Пачынаючы з Рэвалюцыі годнасьці ён дапамагаў беларусам, дапамагаў ствараць беларускі штаб, прымаў непасрэдны ўдзел у стварэньні тактычнай групы „Беларусь“. Таму мы палічылі сваім абавязкам надаць ганаровае званьне беларуса і гэтаму ўкраінцу, бо ён вельмі шмат зрабіў для нашых суайчыньнікаў, нашых пабрацімаў».

Аўтары сайту прапануюць ахвочым дзяліцца ідэямі наконт таго, як удасканаліць сайт і ўвекавечыць памяць герояў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG