Глеба Вайкуля абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася 2 сьнежня. Сьцьвярджаюць, што ён там быў і размахваў бела-чырвона-белай стужкай. Вайкуль заявіў у судзе, што не прызнае сваёй віны, кажа, што ішоў у той дзень у БДУ, але дзьверы былі зачыненыя, а побач стаяў натоўп студэнтаў. Ён хацеў сысьці, але яго спыніў лейтэнант міліцыі і пачаў складаць пратакол за ўдзел у акцыі. Глеб Вайкуль не падпісаў пратакол.
«Бел-чырвона-белай стужкай я не размахваў, яна заўсёды прычэпленая да маёй торбы. Пратакол склалі без мяне», — заявіў суду Глеб Вайкуль.
На ўдакладненьне адваката Вайкуль распавёў, што ў пратаколе, які складаўся на плошчы каля БДУ, ён зрабіў запіс, што з пратаколам ня згодны, але гэтага запісу на цяперашнім пратаколе няма.
«Бо гэта ўжо іншы пратакол, таму я кажу, што пратакол склалі без мяне», — сказаў Вайкуль.
Справу студэнта Глеба Вайкуля разглядае судзьдзя Максім Сушко, а справу актывіста Максіма Вінярскага — судзьдзя Тацяна Матыль.