Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ціснуць на Турэччыну, каб тая закрыла частку мяжы з Сырыяй


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (зьлева) і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган падчас саміту G20
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (зьлева) і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган падчас саміту G20

ЗША дамагаюцца ад уладаў Анкары разьмяшчэньня дадатковых сілаў Турэччыны на мяжы з Сырыяй, каб перакрыць шырокі ўчастак мяжы, які выкарыстоўваецца баевікамі «Ісламскай дзяржавы».

Газэта The Wall Street Journal сьцьвярджае, што ў адваротным выпадку амэрыканскі бок пагражае «сур’ёзным адказам» з боку Эўразьвязу.

Па зьвестках выданьня, гэтыя намаганьні актывізаваліся пасьля тэрактаў у Парыжы 13 лістапада, калі загінула 130 чалавек. «Мяжу неабходна зачыніць. Мае месца пагроза міжнароднага маштабу, якая сыходзіць ад Сырыі і праходзіць празь мяжу Турэччыны», — цытуе WSJ словы прадстаўніка адміністрацыі ЗША. Гэту праблему абмяркоўвалі ў кулюарах саміту G20 прэзыдэнты Барак Абама і Рэджэп Эрдаган.

Па зьвестках крыніц зь ліку высокапастаўленых чыноўнікаў, ЗША «аказваюць на Турэччыну ціск, каб тая разьмясьціла дадаткова некалькі тысяч вайскоўцаў ўздоўж мяжы з Сырыяй». З пункту гледжаньня Вашынгтона, неабходна «перакрыць прыкладна 100-кілямэтровы адрэзак мяжы, які „Ісламская дзяржава“ выкарыстоўвае для перакіданьня замежных баевікоў у зону баявых дзеяньняў і зь яе».

WSJ адзначае, што пасьля перасячэньня гэтага ўчастку тэрарысты маюць магчымасьць праз тэрыторыю Турэччыны патрапіць у іншыя краіны Эўропы.

Паводле ацэнак крыніц WSJ у Пэнтагоне, для выкананьня гэтай задачы можа спатрэбіцца больш за 30 тысяч вайскоўцаў.

«Пакуль незразумела, як адрэагуе Турэччына, — гаворыцца ў артыкуле. — Як сказалі турэцкія афіцыйныя асобы, яны згодныя, што неабходна зрабіць больш жорсткімі захады бясьпекі на мяжы, і што яны ўжо пачалі прымаць нейкія меры». Турэччына таксама настойвае на тым, каб ЗША сьпярша пачалі аказваць падтрымку з паветра паўстанцам на поўначы Сырыі.

«Амэрыканскія чыноўнікі папярэдзілі Анкару, што ёй можа пагражаць сур’ёзны адказ з боку эўрапейскіх дзяржаў, калі Турэччына ня зможа закрыць мяжу, і замежным баевікам зноў ўдасца высьлізнуць з Сырыі і зьдзейсьніць тэракт у Эўропе», — падкрэсьліваецца ў матэрыяле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG