Паводле інфармацыі амбасады Нарвэгіі ў Ісламабадзе, пакістанскія грамадзяне былі адпраўленыя на радзіму на працягу некалькіх апошніх тыдняў.
Прадстаўнік нарвэскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў пакістанскай сталіцы сказаў сёньня ў інтэрвію пакістанскай рэдакцыі нашага радыё, што колькасьць дэпартаваных з Нарвэгіі прэтэндэнтаў на атрыманьне статусу ўцекача можа ўзрастаць па меры апрацоўкі новых просьбаў. Паводле дыплямата, толькі ў гэтым годзе нарвэскія ўлады атрымалі больш за 400 заяваў ад мігрантаў з Пакістану. Прадстаўнік амбасады падкрэсьліў, што больш за 300 шукальнікаў палітычнага прытулку прыбылі ў Нарвэгію гэтак званым паўночным маршрутам праз расейска-нарвэскую мяжу.
У апошнім часе ўлады Нарвэгіі зрабілі больш жорсткім іміграцыйнае заканадаўства ў сувязі з беспрэцэдэнтным прытокам уцекачоў з канфліктных зонаў у Аўганістане, Сырыі і Іраку.