Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане адзначылі атрыманьне Сьвятланай Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі


21 лістапада Англа-беларускае таварыства адзначыла прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч імпрэзай «Беларусь і Нобэлеўская прэмія».

Фота Яраслава Крывога.
Фота Яраслава Крывога.



Посьпех Алексіевіч, які прыцягнуў увагу сусьветнай супольнасьці да нашай краіны, у Лёндане стаўся яшчэ і нагодай згадаць шэраг мінулых нобэлеўскіх ляўрэатаў — выхадцаў зь Беларусі — разам з найбольш значнымі постацямі намінантаў.

Сябры і госьці таварыства пачулі прэзэнтацыі пра ляўрэатаў прэміі, якія нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, але жылі і дасягнулі вядомасьці па-за яе межамі — вядомага амэрыканскага эканаміста Саймана Кузьнеца, прэм’ер-міністра Ізраіля Шымона Пэрэса, фізыка і дэпутата расейскай Дзяпжаўнай Думы Жарэса Алфёрава.

Сярод асобаў, намінаваных на Нобелеўскую прэмію міра, згадвалі першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча (намінаваны ўпершыню ў 2007 г.) і сусьветна вядомага праваабаронцу Алеся Бяляцкага (намінаваны ўпершыню ў 2006 г.). Былы амбасадар Брытаніі Браян Бэнэт і прафэсар Алан Флаўэрз распавялі пра сваё знаёмства з Шушкевічам, падзяліляся анекдотамі і сур’ёзнымі ўспамінамі пра чалавека, які, як ніхто, спрычыніўся да Белавескіх пагадненьняў і ўтварэньня незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Прафэсар Арнольд Макмілін, які добра ведаў Васіля Быкава (намінаванага ў 1998 г.), Рыгора Барадуліна (намінаванага ў 2006 г.) і Ўладзімера Някляева (намінаванага ў 2011 г.), падзяліўся цёплымі ўспамінамі пра пісьменьнікаў. Макмілін у свой час зь вялікім шкадаваньнем успрыняў паразу Быкава, які, паводле яго, быў наймацнейшым кандыдатам на літаратурную прэмію. Брытанскі акадэмік, які ўжо доўгі час займаецца беларускай паэзіяй, прачытаў урыўкі зь вершаў Барадуліна і дадаў, што вытанчаныя і музычныя вершы паэта не паддаюцца перакладу і таму не маглі быць па-сапраўднаму ацэненыя ані заходнім чытачом, ані Нобэлеўскім камітэтам. Больш верагодным мог бы быць посьпех Уладзімера Някляева, калі ягоныя празаічныя творы будуць перакладзеныя на ангельскую мову.

На фоне гэтага шэрагу выбітных беларускіх дзеячаў і пісьменьнікаў, проста ці ўскосна зьвязаных з Нобэлеўскай прэміяй, адбылася цікавая гутарка пра саму сёлетнюю ляўрэатку. Былі прадстаўленыя ейныя кнігі ў арыгінале і ў перакладах са збораў Скарынаўскай бібліятэкі. Сьвятлана Алексіевіч сваім нетрадыцыйным журналісцка-псыхалягічным жанрам і засяроджанасьцю на «цяжкіх» тэмах бурыць шмат якія стэрэатыпы. А тое, што першая пісьменьніца зь Беларусі, якая атрымала літаратурны Нобель, піша па-расейску, выклікае ня менш складанае пытаньне беларускай ідэнтычнасьці, і таго, як успрымаецца нашая культура заходнім чытачом.

Караліна Мацкевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG