Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 1 лістапада: Шэсьце на Дзяды ў Менску, 100-годзьдзе Міхася Кавыля, 125-годзьдзе Ўладзімера Крыловіча


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларус, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ атрымала дазвол на правядзеньне вулічнай акцый, прымеркаванай да дня памяці продкаў Дзяды. Збор удзельнікаў акцыі з 11.00 да 11.30 на пляцоўцы перад будынкам Менскага гадзіньнікавага завода. З 11.30 да 14.30 пройдзе дэманстрацыя па ходніках па маршруце: пр. Незалежнасці – вул. Каліноўскага – вул. Сівых – вул. Карбышава – вул. Гамарніка – вул. Мірашнічэнка – Менская кальцавая аўтамабільная дарога (падземны пераход пад МКАД да ўрочышча Курапаты). З 14.30 да 17.00 на тэрыторыі ўрочышча, дзе знаходзяцца масавыя пахаваньні ахвяр сталінскіх рэпрэсій, заплянаванае правядзеньне мітынгу. Заяўленая колькасьць удзельнікаў акцыі – да пяці тысяч чалавек.

У рамках выставы твораў Мая Данцыга ў Нацыянальным мастацкім музэі ва ўсіх жадаючых ёсьць магчымасьць сустрэцца і пагаварыць з самім мастаком. Творчая сустрэча пройдзе ў выставачных залях 1-га паверху. Пачатак а 13.00

У прасторы "Studio67" (пр-т Партызанскі, 2А) адбудзецца адкрыцьцё выставачна-мультымэдыйнага праекту (гук, інсталяцыя, пэрформанс) Тані Арцімовіч і Антона Сарокіна "БЕЛАРУСЬ 4.33. Горад сонца. Кропка нуль" па кнізе Артура Клінава "Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца". Пачатак а 18.00

Лаўрышава (Шчорсаўскі сельсавет, Наваградзкі раён, Гродзенская вобласьць). Грамадзкасьці ўпершыню будзе прадстаўленая пячатка XIII-XIV стагодзьдзяў, якая была знойдзена ў ліпені 2015 году пры археалягічных раскопках на тэрыторыі Сьвята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра і ўжо выклікала спрэчкі. Пачатак а 11 гадзіне.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1937 — у Курапатах карнікі НКВД расстралялі 11 біскупаў і сьвятароў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Паводле гісторыка і пісьменьніка Кастуся Тарасава, яшчэ каля 200 сьвятароў Беларускай Аўтакефальнай царквы былі высланыя ў сталінскія канцлягеры, дзе бальшыня іх загінула.

1987 — у Купалаўскім сквэры ў Менску прайшло адзначэньне Дзядоў, наладжанае аб'яднаньнямі «Тутэйшыя» і «Талкака», дзе ўпершыню шырока заявілі пра рэпрэсіі ў БССР.

1992 — Менску адбыўся Першы (Устаноўчы) Сойм Згуртаваньня Беларускай Шляхты. Быў прыняты Статут і выбрана кіраўніцтва арганізацыі. Старшынём ЗБШ стаў доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч.

1993 — уступіла ў сілу Маастрыхская дамова, якая паклала пачатак Эўрапейскаму Зьвязу.

У гэты дзень нарадзіліся:

1868 — Дзьмітры Даўгяла, беларускі археограф і гісторык.

1873 — Іван Замоцін, беларускі літаратуразнавец.

1890 — Глеб Бонч-Асмалоўскі, антраполяг, археоляг, этнограф, прафэсар, доктар гістарычных навук. Сын «чорнаперадзельцаў» Анатоля і Варвары Бонч-Асмалоўскіх.

1895 — Уладзімер Крыловіч, актор, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатру. Заслужаны артыст Беларусі (1931).

1912 — Янка Золак, беларускі паэт, пэдагог, грамадзкі дзеяч, выдавец на эміграцыі ў ЗША.

1915 — Міхась Кавыль, беларускі паэт, пэдагог, грамадзкі дзяяч у замежжы.

Упала ноч. Як эдэльвайсы‚ зоры
Цьвітуць над Альпамі. Аскепак-маладзік
У неба ўрэзаўся. Блакітнае на горы
Імжыць сьвятло. А ты ідзі‚ ідзі...

Якая ноч! Як у сьвятыні‚ ціха
І урачыста. На калені упадзі.
Вунь там агонь міргае... Шчасьце зь ліхам
Кладуцца спаць... А ты ідзі‚ ідзі...


Міхась Кавыль, фрагмэнт верша «Ідзі, ідзі».

1933 — беларускі пісьменьнік Вячаслаў Адамчык.

ЦЫТАТА ДНЯ

«Быў лiстапад, было сьвятога Мiхала — блiзiлася пара зiмы, а ў гэты год стаяла цяпло. Павярнуўшыся з полудня, павiльгатнеў вецер, памякчэла пад нагамi зямля, i крот стаў тачыць каля пустых, ужо зацягнутых, як раскаю, дробнаю макрыцаю градаў рудаватыя сырыя замежкi. У зацiшку за хатамi, каля чорных голых яблыняў, на якiх яшчэ трымаўся дзе збуцьвелы, але чырванаваты з аднаго боку яблык, вiлiся слупом, нейкiя большыя ў гэту пару, камары».

Вячаслаў Адамчык, пачатак раману «Чужая бацькаўшчына».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG