Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра большасьць і меншасьць. Прывітаньне ад Аляксандра зь Днепрапятроўску


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Адказ на тэлефанаваньне слухача ў студыю аднаго з украінскіх радыё стаўся хітом апошніх дзён. Вядоўца эфіру Матвей Ганапольскі, вядомы на постсавецкай прасторы журналіст і публіцыст, эмацыйна і ў грубай форме аблаяў якогасьці Аляксандра з Днепрапятроўску. Слухач паспрабаваў распавесьці аўдыторыі радыё, чаму захапляецца Ўладзімерам Пуціным.

Мяне ня так моцна ўразіла рэакцыя вядоўцы. У краіне вайна, агрэсар вядомы. Гэта як бы ў 1943 годзе слухач з Разані датэлефанаваўся ў Маскву на радыё, і паспрабаваў распавесьці чаму яму падабаецца Гітлер. Абсурд? Абсурд. Відавочна? Відавочна. Але не для ўсіх.

Мяне больш уразіў Аляксандар з Днепрапятроўску, бо я ведаю крыху кантэксту. Сярод іншага: Днепрапятроўск спыніў распаўзаньне «народных рэспублік» па Поўдні Ўкраіны, Днепрапятроўск цяпер поўны салдатамі – і здаровымі, і ў шпіталях, Днепрапятроўск – адзін з цэнтраў валянтэрства АТА. Ды што там, Днепрапятроўск – ці ня самы важны цэнтар супрацьстаяньня расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

І вось увесь гэты кантэкст ня быў бы магчымы без пазыцыі гараджанаў. У мяне няма статыстыкі пад рукой: большасьці гараджанаў ці меншасьці? Пазыцыі на словах. На справах – актыўнай меншасьці. Але на столькі актыўнай, што ёсьць той вынік, які бачым.

Колькі ў Днепрапятроўску такіх вось «аляксандраў»? 30-40-60 адсоткаў? Тут і цяпер лічба ня мае вырашальнага значэньня. Падобных «аляксандраў» на постсавецкай прасторы – легіёны. Але іх меркаваньні ня маюць значэньня, бо на выбарах узурпатары ўлады вырашаюць за іх. А падчас актыўнай грамадзкай дзейнасьці супраць узурпатараў гэтыя «аляксандры» сядзяць па дамах. Тэлефануюць на радыё, пішуць у газэты, спрачаюцца на лавах пры пад'ездах, але ня болей за тое. І ведаюць, што іх не крануць апанэнты, пакуль ідзе ананімная балбатня.

А калі новая сытуацыя ў краіне ўсталёўваецца канчаткова, «аляксандры» прымаюць бок пераможцы, і могуць нават распавядаць, як дапамагалі зьменам.

Таму, калі я чытаю ў беларускім сеціве стогны і енкі пра «ўсё прапала», бо «ў Беларусі 60% за тое, і за тое», мяне заўжды цікавіць: «Спадарства сацыёлягі, хто гэтыя людзі? Які іх пол, узрост, сацыяльнае становішча, занятак? Ці гатовыя яны адстойваць свае погляды на вуліцы ці хоць бы ў сябе на працы?»

Я бачу беларускую актыўную меншасьць. Крэатыўны кляс на мітынгах з палітычнымі патрабаваньнямі – асобна. Прадпрымальнікаў з эканамічнымі патрабаваньнямі – асобна. Рабочых з сацыяльнымі прэтэнзіямі – асобна. Прыкладаў грамадзкай актыўнасьці за апошнія 20 гадоў – мноства. Гэтай «актыўнай меншасьці» ня так мала, мяркую, з кожным годам болей. Але нейкай агульнай для ўсіх падзеі-штуршка, як ва Ўкраіне, не было. Але хто сказаў, што штуршка ня будзе?

У аддаленай пэрспэктыве я б хацеў, каб «аляксандраў» у нас менела, а людзей, здатных крытычна мысьліць і мець грамадзянскую адказнасьць, у тым ліку за свае словы -- большала.

Сытуацыю з «аляксандрамі» можа зьмяніць толькі час. А перад тым – актыўная меншасьць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG