Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Землятрус у Аўганістане і Пакістане: выратавальныя працы працягваюцца


Наступствы землятрусу ў Пакістане. Пешавар, 26 кастрычніка 2015 году
Наступствы землятрусу ў Пакістане. Пешавар, 26 кастрычніка 2015 году

У Аўганістане, Пакістане і Індыі працягваюцца выратавальныя і пошукавыя працы ў раёнах, якія пацярпелі ад землятрусу магнітудай 7,5 балаў, які адбыўся ў панядзелак, эпіцэнтар якога знаходзіўся ў раёне грады Гіндукуш на аўгана-пакістанскай мяжы.

Паводле апошніх дадзеных загінулі 260 чалавек, а сотні жыхароў пацярпелі. Штуршкі ад землятрусу адчулі таксама жыхары цэнтральнаазіяцкіх краінаў і нават Навасібірску. З усіх закранутых землятрусам краінаў прыходзяць паведамленьні пра сотні параненых, паведамляе ВВС.

Бліжэйшым да эпіцэнтру землятрусу стаў горад Файзабад, які знаходзіцца ў Аўганістане. Паводле ацэнкі Геалягічнай службы ЗША, ачаг землятрусу знаходзіўся на глыбіні каля 200 км. Як кажуць экспэрты, калі б землятрус адбыўся бліжэй да паверхні, разбурэньні былі б больш маштабнымі.

Наступствы землятрусу ў Аўганістане. Газьні, 26 кастрычніка 2015 году
Наступствы землятрусу ў Аўганістане. Газьні, 26 кастрычніка 2015 году

Паводле апошніх дадзеных, у Пакістане стыхія забрала жыцьці па меншай меры 214 чалавек, у Аўганістане — 52, больш за 1800 чалавек атрымалі траўмы. У аўганскай правінцыі Тахар цісканіна ў школе для дзяўчынак падчас землятрусу прывяла да гібелі 12 вучаніц, яшчэ 25 дзяўчынак былі параненыя.

У Пакістане большасьць паведамленьняў пра загінулых прыходзіць з паўночных раёнаў краіны. З-за недахопу камунікацыі і інфраструктуры колькасьць сьмерцяў у гэтых раёнах можа апынуцца вельмі высокай.

У сталіцы Індыі, Дэлі, як і ў сталіцах Пакістана і Аўганістана, праведзеная эвакуацыя. Прэм’ер-міністар краіны Нарэндра Модзі напісаў у «Твітэры», што даручыў ураду правесьці экстраную ацэнку шкоды.

Пешавар, Аўганістан, 26 кастрычніка 2015 году
Пешавар, Аўганістан, 26 кастрычніка 2015 году

«Мы гатовыя аказваць дапамогу ва ўсіх раёнах, дзе яна спатрэбіцца, уключаючы Аўганістан і Пакістан», — напісаў Модзі.

Карэспандэнт Бі-бі-сі ў Таджыкістане паведамляе, што паводле папярэдніх зьвестак сэйсмолягаў, эпіцэнтар землятрусу знаходзіўся ў 300 км на паўднёвы-ўсход ад Душанбэ, на тэрыторыі Аўганістана, дзе магнітуда землятрусу склала 6-7 балаў. У таджыцкай сталіцы сіла штуршкоў склала 5-6 балаў па шкале Рыхтэра. Паведамленьні пра ахвяраў пакуль не паступалі. Аднак ёсьць разбурэньні і значныя пашкоджаньні.

У таджыцкай сталіцы, а таксама ў горадзе Харог, абласным цэнтры Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьці, што на ўсходзе Таджыкістана, у выніку стыхіі ў будынках ўтварыліся велізарныя расколіны. Паведамляецца, у прыватнасьці, пра пашкоджаньні ў будынках Акадэміі навук Таджыкістана, міністэрства меліярацыі краіны, шматкватэрных жылых дамах, пабудаваных за апошнія некалькі гадоў.

Аботабад, Пакістан, 26 кастрычніка 2015 году
Аботабад, Пакістан, 26 кастрычніка 2015 году

Відавочцы паведамляюць аб сур’ёзных пашкоджаньнях жылых дамоў на Паміры.

У Таджыкістане многія людзі пасьпешна выбягалі з дрыжачых будынкаў, дрэнна працуе мабільная сувязь, ёсьць перабоі ў працы інтэрнэту.

У 2005 годзе землятрус параўнальнай магнітуды на поўначы Пакістана забраў жыцьці больш чым 18 тысяч грамадзянаў краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG