Расейскі сайт навінаў Znak.com атрымаў афіцыйнае папярэджаньне Фэдэральнай службы па наглядзе ў сфэры сувязі, інфармацыйных тэхналёгій і масавых камунікацый («Роскомнадзор») за скан з Твітэру, дзе было разьмешчана фота сьцяга Расеі, які топчуць разгневаныя людзі, — як сьцьвярджаецца, жыхары Алепа, абураныя расейскім абстрэлам.
Паводле расейскага нагляднага ведамства, ілюстрацыя адлюстроўвае групу людзей, якія апаганьваюць дзяржаўны сьцяг Расеі, а такое дзеяньне зьяўляецца ў РФ злачынствам.
Як паведамляе расейская служба Бі-Бі-Сі, спасылаючыся на 16 артыкул расейскага закону аб СМІ, «Роскомнадзор» вынес рэдакцыі і заснавальніку Znak.com папярэджаньне. Паводле закону, калі на працягу году сродак масавай інфармацыі атрымлівае такія пісьмовыя папярэджаньні «неаднаразова», гэта можа стаць падставай для спыненьня яго дзейнасьці.
У артыкуле Znak.com з 8 кастрычніка гаворыцца аб антырасейскай дэманстрацыі, якая адбылася ў сырыйскім горадзе Алепа пасьля таго, як расейская авіяцыя, як мяркуецца, нанесла ўдар па гэтым горадзе, які знаходзіцца пад кантролем апазыцыі, але не групоўкі «Ісламская дзяржава».