Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СІРЫЗА выйграé выбары ў Грэцыі, Цыпрас абяцае новы ўрад праз 3 дні


Лідэр партыі СІРЫЗА Алексіс Цыпрас
Лідэр партыі СІРЫЗА Алексіс Цыпрас

Пасьля падліку 50% галасоў СІРЫЗА лідзіруе з 35,53% галасоў. У апазыцыйнай «Новай дэмакратыі» — 28,09%. Алексіс Цыпрас абяцае сфармаваць урад за тры дні.

Партыя СІРЫЗА, якую ўзначальвае былы прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас, паводле папярэдніх дадзеных, атрымлівае перамогу на пазачарговых парлямэнцкіх выбарах. Па выніках падліку 50% галасоў СІРЫЗА набрала 35,53%. За апазыцыйную партыю «Новая дэмакратыя» прагаласавала 28,09%. Трэцяе месца займае ўльтраправая партыя «Залаты сьвітанак» з 7,11%. Затым ідуць кааліцыйны блёк «Дэмакратычныя левыя» і Усягрэцкі сацыялістычны рух ПАСОК (6,42%), Камуністычная партыя Грэцыі (5,47%) і цэнтрысцкая «Потамі» (3,92%).

Лідэр СІРЫЗА Алексіс Цыпрас ужо паабяцаў сфармаваць урад на працягу трох дзён, паведамляе ў нядзелю, 20 верасьня, Reuters. Кіраўнік «Новай дэмакратыі» Вангеліс Мэймаракіс павіншаваў Цыпраса зь перамогай на выбарах і заклікаў яго да хутчэйшага фармаваньня кабінэту.

Яўка выбарцаў склала 54,4%, што істотна ніжэй у параўнаньні зь мінулымі выбарамі, якія прайшлі ў студзені сёлета. Тады на выбарчыя ўчасткі прыйшло 63,6% выбарцаў, піша агенцтва Reuters.

Ніводная з партый не набірае абсалютнай большасьці, так што адразу пасьля выбараў ім давядзецца пачаць перамовы аб фармаваньні кааліцыі. Экспэрты не выключаюць, што галоўныя супернікі могуць стварыць вялікую кааліцыю. Кіраўнік «Новай дэмакратыі» Вангеліс Мэймаракіс раней адкрыта заяўляў пра такую магчымасьць і выказваў гатовасьць адмовіцца ад пасады прэм’ер-міністра, калі гэта будзе спрыяць больш эфэктыўнай працы ўраду. Алексіс Цыпрас выказваў меркаваньне, што кааліцыя з кансэрватарамі была б «ненатуральнай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG