Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойца журналістаў у ЗША застрэліўся сам


Фота забітых у прамым этэры журналістаў - Элісан Паркер і Адам Уорд

Як паведамілі прадстаўнікі паліцыі штата Вірджынія, чалавек, які падазраецца ў забойстве дваіх тэлежурналістаў у жывым этэры, застрэліўся.

Вэстэр Флэнаган, былы супрацоўнік тэлеканалу, на якім працавалі забітыя ім журналісты, застрэліўся, калі быў спынены паліцыянтамі на шашы паблізу Вашынгтона. Паводле паведамленьняў мясцовых уладаў, ён быў дастаўлены ў бліжэйшы шпіталь, дзе памёр ад атрыманага раненьня.

Флэнаган застрэліў 24-гадовую вядоўцу праграмы Элісан Паркер і 27-гадовага апэратара Адама Уорда у жывым этэры, падчас інтэрвію з прадстаўніцай мясцовай дзелавой супольнасьці ў Сміт-Маунцін-Лэйк. Гэта адбылося недалёка ад горада Роанак, разьмешчанага прыблізна ў 375 кілямэтрах на паўднёвы-захад ад Вашынгтона.

На тэлебачаньні Флэнаган працаваў таксама пад псэўданімам Брайс Уільямс. Менавіта пад гэтым імем ён разьмясьціў у сацыяльных сетках кадры, якія захавалі сцэну забойства.

На адным зь іх відаць, як Флэнаган падыходзіць да групы нічога не падазраючых журналістаў, накіроўвае пісталет на Элісан Паркер і страляе некалькі разоў. Паркер падае; пасьля гэтага экран згасае, і чуваць яшчэ некалькі стрэлаў.

Элісан Паркер і Адам Уорд загінулі на месцы.

Вэстэр Лі Флэнаган перад сьмерцю адправіў ліст па факсу на тэлеканал ABC News, у якім патлумачыў матывы свайго ўчынку.

У 23-старонкавым пасланьні Флэнаган апісвае ўсё, што яго не задавальняла ў жыцьці, дадаючы, што жыў «як на парахавой бочцы».

Флэнаган піша, што яго абурала расавая дыскрымінацыя ў ЗША. Ён сам, па ягоных словах, ня раз сутыкаўся з дыскрымінацыяй адразу паводле некалькіх прыкметаў — з-за таго, што быў чарнаскурым і геем.

Флэнаган напісаў таксама, што забіў журналіста і апэратара канала, каб адпомсьціць за стральбу 17 чэрвеня ў афраамэрыканскай царквы ў Чарльстоне, дзе ахвярамі нападу сталі 9 чалавек.

Падчас нападу здымачная група мясцовага тэлеканала WDBJ TV праводзіла інтэрвію зь Вікі Гарднэр — кіраўніцай мясцовай гандлёвай палаты. Гарднэр была параненая ў сьпіну, але засталася жывой.

Адзін з кіраўнікоў WDBJ паведаміў, што журналісты здымалі звычайнае інтэрвію, калі да іх падышоў узброены чалавек. Адзін зь вядоўцаў сказаў: «Яны працавалі над здымкамі тэматычнага сюжэту. Яны не асьвятлялі пратэстаў ці дэманстрацыяў».

Усё гэта адбылося ў 6:45 па мясцовым часе ў жывым этэры. Уорд здолеў на сэкунду зьняць забойцу, пасьля чаго камэра выпала ў яго з рук, і ён упаў на зямлю.

Генэральны мэнэджар тэлеканалу WDBJ Джэфры Маркс разам зь іншымі вядоўцамі, нягледзячы на перажытае ўзрушэньне, паспрабаваў растлумачыць тэлегледачам, што адбылося.

«Мы чулі крыкі. Больш нічога. А потым камэра ўпала», — сказаў Джэфры Маркс.

Як паведамілі супрацоўнікі WDBJ, Флэнаган працаваў на гэтым тэлеканале менш за год, а ў лютым 2013 году быў звольнены.

«Мяркуючы па ўсім, у жыцьці Флэнагана ўсё выйшла з-пад кантролю», — сказаў шэрыф акругі Фрэнклін Біл Овэртан, адказваючы на пытаньні журналістаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG